Легенда, што наша сыстэма адукацыi — найлепшая ў сьвеце, бурыцца вельмi лёгка.

Досыць задумацца, чаму пасьля ВНУ немагчыма знайсьцi працу? Чаму рынак патрабуе людзей «з досьведам працы», гэта значыць перавучаных пасьля нашай адукацыi? Чаму беларус, які лёгка разгадвае крыжаванкi на трох мовах, падчас выбараў у парлямэнт арыентуецца на нейкага «незалежнага кандыдата»? Няўжо ён ня ведае, што партыi ва ўсiм сьвеце ствараюцца дзеля таго, каб у палiтыку не прыйшлi непрадказальныя, незалежныя ад выбаршчыкаў людзi? У суседняй жа Латвii ў парлямэнце няма нiводнага беспартыйнага дэпутата! I наагул, якiх ведаў не хапiла нашай адукаванай нацыi, каб зразумець, што краiнай павiнны кiраваць квалiфiкаваныя прыстойныя людзi, а Канстытуцыя — гэта асноўны закон, у тым ліку і для прэзыдэнта? Усе гэтыя пытаньнi тычацца зьместу адукацыi. Ён, на жаль, далёкi ад патрэбаў часу, ад сусьветных ды эўрапейскiх стандартаў. Зьмянiць зьмест навучальных праграм у нашых умовах нашмат цяжэй за Канстытуцыю. Таму гаворка далей пойдзе пра тое, што мы можам i павiнны зьмянiць, — пра грамадзянскую і патрыятычную адукацыю.

Паводле дасьледаваньняў НІСЭПД (верасень 2003), 40% дарослага насельніцтва хацелі б кудысьці эміграваць. Найбольш схільныя зьмяніць краіну пражываньня маладыя адукаваныя беларусы — выпускнікі сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў (больш за 75%). Такі высокі эміграцыйны патэнцыял прынята тлумачыць сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі прычынамі: большасьць з апытаных незадаволеныя разьвіцьцём дэмакратыі ў краіне, станам правоў чалавека, адсутнасьцю палітычных ды эканамічных свабод. І слова «стабільнасьць», якім так ганарацца нашы цяперашнія ўлады, для гэтых людзей азначае стабільную немагчымасьць наладзіць нармальнае годнае жыцьцё на Радзіме.

Аднак нежаданьне прыкладаць намаганьні, каб зьмяніць сытуацыю да лепшага ў сябе дома й будаваць сваю будучыню на Радзіме, цяжка растлумачыць толькі эканамічнымі прычынамі. Тое, што каля трох мільёнаў людзей упэўнены, што для пасьпяховай кар’еры лепш паехаць за мяжу, тлумачыцца элемэнтарнай грамадзянскай неадукаванасьцю гэтых людзей. На жаль, сярод іх ёсьць вялікі адсотак бацькоў, настаўнікаў, якія шчыра хочуць навучыць сваіх дзяцей, як і дзе знайсьці лепшую долю, тым самым пазбаўляючы пэрспэктывы ня толькі іх, але й краіну.

Грамадзянская адукацыя — гэта адукацыя грамадзяніна сваёй краіны. Галоўнаю мэтаю сыстэмы адукацыі любой краіны ёсьць фармаваньне грамадзяніна-патрыёта. Бяз гэтага немагчыма існаваньне самой дзяржавы.

Пасьля 1991 г. ва ўсіх постсавецкіх краінах адукацыя атрымала першачарговую замову ад дзяржавы — выканаць сваю сацыякультурную місію фармаваньня нацыі. На жаль, наша сыстэма адукацыі гэтай місіі яшчэ ня выканала (альбо яшчэ не атрымала замовы), пра што сьведчаць вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў, прыведзеныя вышэй. Без патрыятычнага й грамадзянскага выхаваньня, без арыентацыі на нацыянальныя інтарэсы наша адукацыя траціць сэнс. Яна накіраваная на бясплатную падрыхтоўку кваліфікаваных маладых кадраў для іншых дзяржаў, але ніякім чынам не спрыяе паляпшэньню становішча ў сябе дома.

Зьвернемся да тэорыі, каб лепш зразумець, што павінна быць закладзена ў падмурак патрыятычнага выхаваньня.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Тамара Мацкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0