Антырэфэрэндумная агітацыя «зрабіла» са Зьмітра Крэчата злачынцу

Братоў Зьмітра й Дзяніса Крэчатаў вышуквае міліцыя. Фотаробаты маладых хлопцаў 21 і 26 гадоў разьвешаны па ўсіх аддзяленьнях міліцыі. «Злачынцамі» Зьміцер і Дзяніс сталіся пасьля таго, як пры канцы верасьня за ўласныя грошы надрукавалі тысячу асобнікаў антырэфэрэндумных плякатаў «Лукашэнка зажраўся. Мы павінны мець права на выбар. Галасуем «не» (на расейскай мове) і разьвесілі плякаты па Менску. Хто яны такія, Крэчаты?

Крыху пра сябе хлопцы расказваюць на ўласным сайце www. golosuem.net. Зьмітру (на фота справа) — 26 гадоў, Дзянісу (зьлева) — 21 год. Родам хлопцы з Гарадзенскай вобласьці, некаторы час пражылі ў Менску. Крэчат-старэйшы скончыў Белдзяржунівэрсытэт, цяпер працуе на прыватным прадпрыемстве. Маладзейшы — сяржант запасу памежных войскаў, працуе ахоўнікам.

Маці хлопцаў да пачатку 90-х працавала інжынэрам-канструктарам. Аднак эканамічны крызыс выкінуў жанчыну, як і масу іншых адукаваных людзей, на рынак, дзе яна гандлюе драбязой і па сёньня. Маці — «адзіны чалавек, якому мы ўдзячныя і абавязаныя за тое нямногае, што ў нас ёсьць у жыцьці», — пішуць браты Крэчаты.

Зьвязацца са Зьмітром і Дзянісам Крэчатамі, якія захоўваюць партызанскую кансьпірацыю, цяжкавата. І ўсё ж «НН» удалося ўзяць у іх інтэрвію.

Зьміцер: Хопіць абурацца на кухнях

— Мы вырашылі скарыстаць на плякатах больш экспрэсіўную фармулёўку — каб яна прыцягнула ўвагу, — кажа Зьміцер. — Мы як грамадзяне Беларусі маем права на такое ацэначнае меркаваньне. Гэтыя словы — пра тое, як паводзіць сябе Аляксандар Лукашэнка на пасадзе прэзыдэнта. Мы лічым, што ён выкарыстоўвае сваё цяперашняе службовае становішча не дзеля дабрабыту беларускага народу, а выключна дзеля задавальненьня сваіх уласных патрэбаў…

Апошняй кропляй, якая падштурхнула нас да змаганьня, сталася само аб’яўленьне рэфэрэндуму… Калі ён аб’явіў рэфэрэндум, я зразумеў — трэба дзейнічаць. Трэба было зрабіць нешта маленькае, але — канкрэтнае. Мой малодшы брат мяне падтрымаў.

— На якія сродкі надрукаваныя плякаты?

— Выключна на ўласныя грошы. Першапачаткова мы зь Дзянісам аплачвалі ўсё з уласнае кішэні. Усяго пайшло 600 даляраў на друкаваньне тысячы плякатаў фармату А2, каля 40 даляраў — на вэб-сайт www.golosuem.net, плюс іншыя незаплянаваныя траты накшталт рэгулярных паездак у Маскву ды назад — мы прывозілі плякаты партыямі па 200—400 штук. Пасьля да фінансаваньня далучылася адна наша добрая сяброўка — яна прапанавала 150 даляраў. Былі й іншыя прапановы паўдзельнічаць у фінансаваньні, якія прыходзілі, сярод іншага, і па электроннай пошце. Людзі прапаноўвалі па 50—100 даляраў. Чалавек пяць. Але, шчыра кажучы, мы баяліся якой-небудзь правакацыі з боку органаў, і дапамогі ад незнаёмых людзей не прымалі.

— Якіх вынікаў ад акцыі чакаеце?

— У маленькай акцыі — маленькія вынікі. Мы спадзяёмся, што нашы дзеяньні падштурхнуць яшчэ некага да канкрэтных крокаў. Асноўны заклік: хопіць абурацца на кухнях — давайце штось рабіць, хай невялікае, але канкрэтнае.

Мы зьбіраемся выкарыстаць нашу акцыю як першы крок для стварэньня нефармальнай сеткі нашых аднадумцаў, якія, дзейнічаючы самастойна, па закліку сэрца, робяць штосьці разам. Чым шырэйшая сетка — тым большыя ў яе магчымасьці.

Наша канчатковая мэта — каб людзі, не баючыся быць пакаранымі, пачалі адкрыта казаць, што яны сапраўды думаюць, пачалі рабіць актыўныя захады…

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Глеб Хмяльніцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0