Па студэнцкім білеце

На выбарчым участку ў Маскве на беларускім рэфэрэндуме прагаласаваў расейскі грамадзянін. Студэнт заявіў, што згубіў пашпарт, і прад’явіў студэнцкі білет. Па гэтым дакумэнце яму ахвотна выдалі бюлетэнь. Насамрэч гэтага хлопца, грамадзяніна Расеі, узялі з сабой беларускія студэнты, якія паставілі сабе на мэце выявіць фальсыфікацыі.

25% датэрміновага галасаваньня па краіне

На акрузе С.Багданкевіча (Менск) у інтэрнаце Пэдагагічнага ўнівэрсытэту датэрмінова прагаласавалі 66%. Кандыдат У.Аляксеенка (Віцебск): акруга ўключае ў сябе інтэрнаты Вэтэрынарнай акадэміі і Мэдычнага інстытуту — датэрмінова прагаласавалі каля 50%. У В.Смольнікавай у Буда-Кашалёўскім раёне сельскія жыхары, якія прагаласавалі датэрмінова, складаюць каля 70%. Для чаго было заганяць людзей галасаваць датэрмінова?

Прагаласавала 140%

На ўчастку №510 Усходняй выбарчай акругі №107, дзе балятуецца Вінцук Вячорка, паводле падлікаў назіральнікаў, яўка склала блізу 140% ад колькасьці выбаршчыкаў у сьпісах.

Фокусы на ўчастках

Падчас падліку галасоў стосы зь бюлетэнямі «супраць» упіхваліся ў сярэдзіну кіпы «за». Назіральнікі гэта бачылі, але нешта зрабіць ня мелі права. Сябар Партыі БНФ Віктар Мязяк дык наогул пасьля таго, як усе бюлетэні былі зашыты ў мех і апячатаны, знайшоў у шафцы ў кабінцы для галасаваньня тры бюлетэні з пазнакай «за» ды запытаўся ў старшыні камісіі, ці супадае ў яго «дэбэт» з «крэдытам». Тыя бюлетэні былі адразу ж забраныя міліцыянтамі. Нічога іншага ў Баранавічах і не чакалі.

Акадэмік Вайтовіч: Былі цыркуляры

«Паводле зьвестак, якія мы маем, на ўсе выбарчыя ўчасткі Беларусі паступілі цыркуляры ад выканаўчай улады пра неабходныя вынікі галасаваньня», — заявіў акадэмік Аляксандар Вайтовіч 19 кастрычніка ў Маскве на прэс-канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў. «Калі Расея будзе й надалей падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку, гэта, на вялікі жаль, прывядзе да нагнятаньня ў Беларусі антырасейскіх настрояў», — сказаў навуковец.

Тут 1428 і там 1428

— У нядзелю за дзьве гадзіны перад сканчэньнем галасаваньня людзі з каманды Вінцука Вячоркі далі мне атрыманыя ад некага ў камісіі будучыя вынікі выбараў і рэфэрэндуму на ўчастку нумар 495 акругі №106 у Менску, — расказвае Азгар Ішкільдзін, расейскі журналіст. — Я паехаў на гэты ўчастак і чакаў на абвяшчэньне вынікаў. А 21-й старшыня камісіі абвесьціў, што ў рэфэрэндуме ўзяло ўдзел 1428 чалавек. Гляджу на картку, а там таксама 1428. За — 1096 выбарцаў. У мяне таксама. Супраць — 224, і ў мяне 224. Вынікі выбараў у парлямэнт таксама амаль ідэальна такія самыя. Розьніца толькі ў выніку кандыдата ад ЛДПБ. Старшыня зачытаў, што атрымаў ён 152 галасы, а мая картка абяцала 82. Але старшыня папрасіў прабачэньня за памылку і прачытаў, што ўсё ж 82, — сьмяецца Ішкільдзін.

Праняло і Уту

Кіраўніца рабочай групы па Беларусі ПА АБСЭ, вядомая сваёй прымірэнчай да А.Лукашэнкі пазыцыяй, Ута Цапф, якая прыбыла ў Менск у пятніцу ў якасьці афіцыйнай назіральніцы за выбарамі ў Беларусі, у часе спробы наведаць адзін зь мясцовых выбарчых участкаў была літаральна выкінутая за дзьверы старшынёй выбаркаму. Пра гэты інцыдэнт спадарыня Цапф паведаміла прадстаўнікам нямецкіх СМІ. Паводле словаў нямецкай парлямэнтаркі, яна і яе калегі, назіральнікі АБСЭ, сутыкнуліся ўчора таксама і зь нежаданьнем сяброў выбаркамаў адказваць на іхныя пытаньні.

Цалкам задаволеныя выбарамі былі толькі браты па розуме з СНД і адзінкавыя назіральнікі з заходніх краінаў, запрошаныя самімі ўладамі Беларусі. Менавіта яны выступалі на БТ.

Між тым назіральнікі ад Эўрапарлямэнту Богдан Кліх і Барбара Кудрыцка заявілі, што паставяць пытаньне аб пашырэньні забароны на ўезд у краіны Эўропы для сяброў Цэнтральнай выбарчай камісіі і спн.Ярмошынай.

Паводле БелаПАН, svaboda.org і ўласных карэспандэнтаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0