Беларусь лiчыць, што ў базiраваннi элементаў сiстэмы процiракетнай абароны (ПРА) ЗША ва Усходняй Еўропе няма аб’ектыўнай неабходнасцi. Аб гэтым заявiў журналiстам мiнiстр замежных спраў Беларусi Сяргей Мартынаў пасля завяршэння сустрэчы ў пашыраным складзе з мiнiстрам замежных спраў Расii Сяргеем Лаўровым. Вiзiт кiраўнiка расiйскага знешнепалiтычнага ведамства быў прымеркаваны да 15‑годдзя ўсталявання дыпламатычных адносiнаў памiж дзвюма краiнамi.

Сяргей Мартынаў дадаў, што Беларусь «не можа заставацца абыякавай» да праблемы, бо элементы сiстэмы ПРА, як плануецца, будуць размяшчацца ў непасрэднай блiзкасцi ад краiны. «Таму спадзяёмся, што тымi, хто прасоўвае гэтыя рашэннi, у канчатковым вынiку будзе занята разумная пазiцыя i захадаў, якiя парушаюць стратэгiчную стабiльнасць, зроблена не будзе».

Сяргей Мартынаў паведамiў таксама журналiстам, што падчас учарашняй сустрэчы з расiйскай дэлегацыяй адбыўся «агляд стану адносiнаў» Расii i Беларусi, і бакi «пацвердзiлi зацiкаўленасць абедзвюх краiн у глыбокай iнтэграцыi на аснове краевугольнага дакумента памiж нашымi дзяржавамi — дамовы ад 1999 года аб Саюзнай дзяржаве».

Мiнiстр замежных спраў Беларусi дадаў таксама, што падчас сустрэчы ён падзякаваў кiраўнiцтву расiйскага МЗС «за вялiкую дапамогу, якую консульскiя работнiкi Расii аказваюць у абароне iнтарэсаў беларускiх грамадзян у краiнах, дзе няма нашых дыпламатычных прадстаўнiцтваў».

Што датычыцца мiжнароднай тэматыкi, то ў дзвюх краiн, паводле слоў Сяргея Мартынава, «пазiцыi амаль цалкам, калi не цалкам супадаюць з‑за геапалiтычнага становiшча, з‑за гiсторыi» па многiх пытаннях. У прыватнасцi, па «рэжыму аб звычайных узбраеннях у Еўропе, процiракетнай абароне, рэжыму нераспаўсюджвання ядзернай зброi» i iншых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?