Адказваюць палітыкі і дзеячы культуры

Зянон Пазьняк, старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ: Трэба доўгая асьветная праца

Што цяпер? Першае. Трэба хутка сабраць усе факты парушэньняў закону і прадставіць у міжнародныя арганізацыі, якія назіралі за галасаваньнем. Важна, каб міжнародная супольнасьць не прызнала рэфэрэндуму. Другое. Не дапусьціць міжнароднай ізаляцыі Беларусі. Трэба прапанаваць плян ізаляцыі рэжыму, але ня нашай краіны. І трэцяе. Беларускаму грамадзтву цяпер трэба зразумець, што пэрыяд усялякай выбарчай барацьбы з рэжымам скончыўся канчаткова. Прэзыдэнцкія выбары 2006 г. будуць копіяй учарашняга рэфэрэндуму.

Цяпер неабходна ўсеагульная барацьба з рэжымам на іншым узроўні, разьлічаная на працяглы час. Перш за ўсё, неабходна нацыянальна-культурная і нацыянальна-палітычная асьвета грамадзтва. І ёсьць людзі, якія могуць гэта рабіць.

Андрэй Казакевіч, палітоляг: Будзе дэлегітымізацыя рэжыму

— Рэжым дасягнуў ступені кансалідаванага аўтарытарызму, і сур’ёзных зьменаў у краіне чакаць ня варта. Адно што ўзровень фальсыфікацый на гэтых выбарах быў відавочны для саміх прадстаўнікоў улады, таму будзе адбывацца дэлегітымізацыя рэжыму. Вынікі парлямэнцкіх выбараў — ня дужа дрэнныя: уладам не ўдалося правесьці гэтую кампанію гэтак жа чыста, як у 2000 г. 108 дэпутатаў, выбраных у першым туры, ды яшчэ каб за іх прагаласавалі па 70—80% — гэта нерэальныя лічбы!

Цяпер ня той час, каб праводзіць вулічныя акцыі: ня тая энэргетыка ў людзей, няма такога запалу, як у 96—97-м гадах. Найбольш рацыянальна — працягваць удзел у палітычных кампаніях (выбарчых і інш.), весьці адкрытую палітычную дзейнасьць. А вось палітыку і культурную дзейнасьць трэба разводзіць. Палітыкам ня трэба займацца асьветніцкай дзейнасьцю, для гэтага ёсьць грамадзкія арганізацыі і культурныя ініцыятывы.

Аляксандар Вайтовіч, акадэмік, кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы «За справядлівыя выбары»: Будзе жорстка

— У цэлым у краіне нічога не памяняецца — дыктатура ёсьць дыктатура! Хіба што, карыстаючыся аб’яўленымі вынікамі (хоць яны і непраўдзівыя), дыктатура будзе больш жорстка абыходзіцца з апанэнтамі. Найбольш абуральны такі прыклад — выпадак з Шараметам.

Цяпер настаў момант, калі апазыцыйныя сілы павінны сабрацца разам і выпрацаваць стратэгію і тактыку сумеснага дзеяньня. Выбары ў такім выглядзе не нясуць ніякіх стратэгічных зьменаў: прэзыдэнт загадзя дае ўстаноўку, як павінна прайсьці кампанія. Але вырашаць пра ўдзел ці няўдзел апазыцыі ў такіх кампаніях варта не за год-паўтара, а бліжэй да саміх выбараў.

Уладзімер Колас, старшыня Рады інтэлігенцыі: Я дакажу, што перамог

— Выбары паказалі, што прасьвятленьне ўжо прыйшло і народ усё разумее. У нас у краіне ўсё павінна быць добра, калі мы зробім сваю справу, за якую ўзяліся. Калі не — значыць, намі і надалей будуць кіраваць людзі, у якіх і семкі на базары нельга купляць.

Асабіста я маю намер сабраць подпісы тых людзей, якія за мяне галасавалі, і даказаць, што я перамог. Па-другое, сам Лукашэнка ўжо казаў: выйдзе 100 тысяч на вуліцу — і яго няма. Калі тыя, хто за гэта браўся, няздольныя добра зрабіць справу, хай саступяць іншым.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Апытваў Алесь Пяткевіч, словы Зянона Пазьняка цытуюцца паводле радыё «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0