Большасьць новых імігрантаў пачынаюць свой шлях у Канадзе зь цяжкай і некваліфікаванай працы.

Мы папрасілі некалькіх чалавек расказаць пра пачатак іх канадзкай біяграфіі. Кожнаму мы задавалі пытаньне: што дапамагала вытрымліваць фізычныя нагрузкі і захоўваць унутраны спакой у цяжкіх або нават невыносных умовах?

Натальля Колас (у Беларусі выкладала ва ўнівэрсытэце ангельскую мову і паралельна працавала мэнэджэрам у офісе):

— На заводзе «Сelestica International», дзе я пачала працаваць, вырабляюць пляты памяці для кампутараў. Усе, хто прыходзіў туды, пачыналі з апэрацыі, якая не патрабавала асаблівых ведаў (хаця мінімальны трэнінг быў). Гэта была начная праца, па 12 гадзін, для мяне асабліва цяжкая, бо я раней не працавала на вытворчасьці. Першыя некалькі месяцаў прайшлі ў поўным кашмары, я ледзь разумела, што адбываецца. Работа заключалася ў тым, што нам давалі пляты і мы павінны былі разглядаць іх на працягу 12 гадзін, спрабуючы знайсьці дэфэкты, — і пад мікраскопам, і безь мікраскопа. Гэта вельмі стамляла, некаторыя засыналі, падалі галавой у павелічальнае шкло. Бо праца манатонная, вочы зьліпаюцца, а трэба цэлую ноч сядзець і кудысьці ўглядацца… Мы бавіліся размовамі, сьпявалі песьні, пілі шмат кавы, выходзілі на сьвежае паветра. А ў канцы працоўнае ночы, калі, здаецца, ты павінен хацець спаць найбольш, — усё было наадварот: ты ўжо разагнаў сон канчаткова і таму дома, прыйшоўшы з заводу, зь цяжкасьцю мог заснуць. Ненармальны графік вельмі моцна выбіваў з каляіны, я часам прачыналася ўдзень і не разумела, якая пара сутак, куды мне ісьці і дзе я наагул.

У кожнага былі, напэўна, свае стымулы, каб сябе маральна падтрымліваць. У мяне было жаданьне ўтрымацца ў гэтым жыцьці і дапамагчы маёй дачцэ атрымаць адукацыю тут, каб у яе была пэрспэктыўная будучыня. Я ўвесь час думала пра гэта. І потым, я ведала, што цяжкія часы некалі мінаюць і ня ўсё так кепска. Ня ў самым горшым месцы я працавала, калі разабрацца. Я не падымала цяжараў, працавала не на будоўлі, ня ў брудзе, вакол былі нармалёвыя людзі, мы адно аднаго падбадзёрвалі, і гэта дадавала сіл.

У начной зьмене я працавала 2 гады, але самымі цяжкімі былі першыя месяцаў 6—7. Праз два гады я перайшла ў дзённую зьмену.

Цяпер я тэхноляг вытворчасьці, праца больш цікавая, але ўсё роўна — 12 гадзін у дзень, вельмі дэталёвая работа і вельмі вялікая адказнасьць. Безумоўна, гэта ня тое, чым я марыла б займацца да канца жыцьця. Але я спадзяюся яшчэ нешта зьмяніць у ім.

Вольга Манькоўская (па адукацыі біяхімік, у Менску працавала навуковым супрацоўнікам, потым перайшла ў фірму, дзе «даслужылася» да камэрцыйнага дырэктара):

— Аднойчы агенцтва па працаўладкаваньні накіравала мяне на фабрыку, дзе выпускаюць поліэтыленавыя бутэлечкі. Там мяне прымушалі пазногцем сашкрабаць лішнія кавалачкі плястмасы, што часам наліпалі на горлышка бутэлькі. Пакуль гэтыя «завусеніцы» яшчэ гарачыя, іх можна адкалупаць, і тады бутэлечка становіцца кандыцыйнай. Я адмовілася рабіць гэта пазногцем — сказала, хай мне дадуць нож ці які іншы інструмэнт. Яны пабеглі паклікалі дырэктара, дырэктар таксама крычаў, махаў рукамі, а я сказала, што гэта парушэньне правоў чалавека. На перапынку я пайшла ў прыбіральню — перапынак пяць хвілін, а цэх вельмі доўгі. За пяць хвілін можна толькі дабегчы да дзьвярэй і вярнуцца назад. Натуральна, я трошкі спазьнілася. Яны зноў на мяне наехалі, зноў выклікалі дырэктара…

Карацей, працаваць там было вельмі цяжка. Такі прэсінг увесь час… Як я гэта трывала? Прыедзеш дадому, паплачаш, а назаўтра зноў на працу. А сышла я адтуль таму, што там вельмі шкодная для здароўя вытворчасьць. Яны гэтыя некандыцыйныя бутэлечкі проста ў цэху малацілі, здрабнялі. А калі поліэтыленавы пыл трапляе ў арганізм, ён асабліва шкодна ўзьдзейнічае на ныркі, і праз паўгоду ты ўжо інвалід. Так што я сышла сьвядома, хаця плацілі яны няблага — 10 з паловай даляраў, тады гэта былі шалёныя грошы.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Паводле газэты «Беларускае слова» (Таронта)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0