Па тэлевізіі паказвалі Ізраіль, апавядалі пра абавязковую вайсковую службу як для мужчын, так і для жанчын.

Праглядаючы рэпартаж, я міжволі лавіў сябе на думцы, як шмат апошнім часам на вуліцах роднага Барысава заўважаў жанчынак у вайсковай форме. І тыя зусім не падобныя на кабет-вайскоўцаў, дакладней, на стэрэатып, што склаўся пра іх. Гэта яшчэ зусім маладыя дзяўчаты, 20—30 гадоў з выгляду, з доўгімі пышнымі валасамі, прыгожай фігурай і добрым манікюрам. Што прымушае гэтых прыгажунь ісьці ў войска? Пэўна, неблагія заробкі. Аднаклясьніца казала мне, што, калі ня знойдзе працы, пойдзе ў армію мэдсястрой. Думаецца, ёй форма была б да твару куды больш, чым некаторым мужчынам-генэралам.

Маю на ўвазе барысаўскага дэпутата палаты прадстаўнікоў Віктара Гумінскага, якога ўсяго некалькі дзён таму бачыў на плошчы 900-годзьдзя Барысава. Ён пазіраваў перад фотаапаратамі мясцовых журналістаў на фоне помніка заснавальніку гораду князю Барысу і Ўваскрасенскага сабору. Пэўна, фатаграфіі пойдуць на перадвыбарныя ўлёткі тав.Гумінскага. Фатографы надзвычай доўга прыводзілі яго ў належную позу, а ў дэпутата ніяк не выходзіла яе прыняць. Добра было відаць, што генэрал ня звыкся пазіраваць перад аб’ектывамі фатакамэр. Тое і ня дзіва: ніводзін дэпутат палаты (апроч знакамітых галадоўнікаў) не надзелены ўвагаю журналістаў. Дый форма на ім неяк ня дужа зграбна сядзіць, заўважыла сяброўка. Людзі на плошчы відавочна не пазнавалі народнага абраньніка. Ня ведаю, ці хацеў бы гэтага сам Гумінскі, бо яшчэ пачнуць чаго прасіць для сябе… А зусім побач ад дэптата, за нейкіх крокаў пяцьдзясят, на лаве сядзіць старая жабрачка — у сваім цэляфанавым пакеце яна перабірае адкіды, каб знайсьці што пад’есьці на сёньня. Дэпутат не зьвяртае на яе ніякай увагі, і мясцовыя «папарацы» пачынаюць рабіць «фота на памяць» для сябе. Маўляў, раскажу ўнукам, як я фатаграфаваўся/фатаграфавалася з дэпутатам.

На гэтай жа плошчы летам бачыў яшчэ аднаго ўплывовага барысаўскага палітыка — Зьмітра Бародку. Мяне заўжды цікавіла, як у яго атрымліваецца сумяшчаць дзейнасьць і ў «Свабоднай Беларусі», і ў «Пяцёрцы+». Як добра ўсім вядома, палітыка — мастацтва кампрамісу. І Бародка гэтае мастацтва засвоіў добра. Яшчэ ў сярэдзіне лета ў Кастрыцы на калодзежах, платах і дзьвярах магазынаў зьявіліся плякаты зь яго выявай і надпісам: «Дмитрий Бародко». Калі ўпершыню я іх убачыў здалёк, то падумалася, што гэта плякаты накшталт «Выйшаў з дому і далейшае месцазнаходжаньне невядомае» або «Ў вышуку асабліва небясьпечны злачынец». Аказался ж — усяго датэрміновая агітацыя. На гэтай падставе акруговая выбарчая камісія і адмовілася рэгістраваць сп.Бародку ў якасьці кандыдата ад Барысаўскай сельскай акругі. А ў той сонечны летні дзень Зьміцер выглядаў заклапочаным і відавочна нэрваваўся, чакаючы некага і матляючы кругі па плошчы.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Зьміцер Панкавец, Кастрыца

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0