На прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве наш прэм'ер Сідорскі акцэнтаваў увагу на сумеснай з расейцамі праграме касьмічнага зандаваньня. Хаця найперш у белакаменнай зандаваліся, мусіць, іншыя пытаньні :-))

Сёньня там прайшло пасяджэньне саюзнага Саўміну. Пра што гутарылі прэм'еры бязь лішніх вушэй, можна здагадвацца паводле іх публічных выказваньняў пастфактум. Так, Фрадкоў падкрэсльліў, што ў сфэры энэргапаставак будуць працягвацца рынкавыя дачыненьні. Гэты акцэнт наводзіць на думку, што беларускі бок не пакідае спробаў атрымаць палёгку. Адзінае, што паабяцаў Фрадкоў, дык гэта прадоўжыць разгляд пытаньня аб крэдыце, каб трохі лягчэй было разьлічвацца за дарагі газ.

Але, па-першае, гэтай крэдытнай моркаўкай дражняць непрыстойна доўга. Можна падумаць, у Расеі няма грошай! Не кажу ўжо пра нафтадаляры — адзін Чавэс за зброю адваліў Маскве тры мільярды (удвая болей за суму тога няшчаснага крэдыту!) і яшчэ купляць зьбіраецца.

Па-другое, іхні крэдыт — гэта клясычны бясплатны сыр. Хоць і сказаў сёньня Сідорскі, што неўзабаве будзе тэндэр на АЭС, цяжка адкараскацца ад уражаньня, што Менск ужо ідзе з гэтым праектам наўпрост у пашчу тога самага энэргетычнага ўдава, ад якога нібыта хоча ўцячы.

Дарэчы, сёньня віцэ-прэм'ер Бура паведаміў катастрафічную лічбу: рэнтабельнасьць нафтаперапрацоўкі ў нашай краіне ўпала да 1%, "фактычна балянсуючы каля нуля". Эканаміст Леанід Заіка, які ужо ня першы тыдзень цьвердзіць аб працэсе "перадпродажнай падрыхтоўкі Беларусі", адкамэнтаваў лічбу коратка: крыніца "беларускага цуду" надзейна перакрытая Расеяй.

"Касьмічнае зандаваньне", праведзенае ўрадоўцамі у Маскве, паказвае, што там сапраўды усур'ёз і надоўга узброіліся жорсткім прагматызмам у дачыненьнях з Менскам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0