Экспэртная рада ВАКу аднавіла цэнзуру тэмаў дысэртацый

Падзелы Рэчы Паспалітай — тэма «русафобская». Вялікага князя Альгерда не вывучаць, бо пры ім адбываліся паходы на ўсход. А пісьменьнік Уладзімер Арлоў — «адыёзная і няправільная асоба». Уладзімер Міхнюк перад сьмерцю: «Я раскажу пра людзей з вэтэрынарнымі дыплёмамі, якія лезуць кіраваць гісторыяй».

Вайна супраць гісторыкаў і літаратурзнаўцаў пачалася зь перапісваньня падручнікаў у сярэдзіне 90-х. Цяпер ваенныя дзеяньні перайшлі ў фазу забароны асобных тэмаў для дысэртацый і табу на некаторыя імёны. Фільтрам для «некарэктных тэмаў» стала экспэртная рада Вышэйшай атэстацыйнай камісіі (ВАК), якую ўзначальвае Яўген Новік.

Менавіта з падачы ВАКаўскіх экспэртаў не была залічана доктарская дысэртацыя Алеся Пашкевіча. Пашкевічава праца была толькі першай ластаўкай. Наступнымі «ахвярамі» сталі гісторыкі. Агульная схема выглядае так: навукоўцы пішуць дысэртацыі (кандыдацкія й доктарскія), абараняюць іх, а ВАК не зацьвярджае абароны.

Самым скандальным выпадкам апошняга часу стала кандыдацкая дысэртацыя супрацоўніцы Берасьцейскага ўнівэрсытэту Сьвятланы Навумук «Кастусь Езавітаў. Жыцьцёвы шлях і дзейнасьць». Тэму ейнага дасьледаваньня без пытаньняў зацьвердзілі ў Берасьці. Абараняла дысэртацыю яна ў Белпэдунівэрсытэце ў Менску. Абаранілася выдатна: з 10 сяброў рады па абароне 9 прагаласавалі «за». Аднак экспэртная рада ВАКу выступіла супраць. Не дапамагло нават тое, што праца была напісана ў вельмі асьцярожных выразах. Маладой дасьледніцы заявілі, што Езавітаў ня тая асоба, пра якую можна пісаць кандыдацкую. Я.Новік нават заявіў, што Сьвятлану нельга дапускаць да выхаваньня моладзі, калі яна лічыць, што Езавітаў — нацыянальны дзяяч, а ня здраднік.

З Уладзімерам Міхнюком, навуковым кіраўніком спн.Сьвятланы, мы размаўлялі пры канцы верасьня. «Пачакайце, калі ласка, з публікацыяй, — узрушана казаў гісторык. — Цяпер разглядаецца наша апэляцыя. Вось дадуць адказ, тады я адкажу на ўсе пытаньні й раскажу пра людзей з вэтэрынарнымі дыплёмамі, якія лезуць кіраваць гісторыяй». Для самога Міхнюка абарона ягонай асьпіранткі абярнулася зусім кепска. Яго кандыдатуру прапаноўвалі на пасаду дырэктара акадэмічнага Інстытуту гісторыі. Кажуць, нават быў ужо падпісаны загад на прызначэньне, і папярэдні в.а. дырэктара Мікалай Сташкевіч выносіў рэчы з кабінэту. Але ў той самы дзень загад скасавалі: вырашылі, што такі навуковец ня можа кіраваць установай. Прэтэндэнту на высокую пасаду Міхнюку давялося шукаць сабе месца працы ў недзяржаўным сэктары — ён уладкаваўся ў прыватны інстытут правазнаўства. Відаць, гэты выпадак адыграў немалую ролю ў тым, што ў сярэдзіне кастрычніка У.Міхнюк раптоўна памёр.

Што будзе цяпер рабіць С.Навумук, ня ведае і яна сама: «Параіцца з кіраўніком я не пасьпела. Ёсьць такое правіла, што незалічаную дысэртацыю можна перапрацаваць і зноў абараніць, падаць у ВАК. Але што я магу зрабіць, калі ў ВАКу не падабаецца сама тэма майго дасьледаваньня?»

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0