Дзядулю майго звалі Павал. Мне не давялося сустрэцца зь ім. Мы зь ім разьмінуліся на гэтым сьвеце. Ён памёр у лютым 1937 г.

Я ж нарадзіўся ў верасьні таго самага году. Усяго некалькі месяцаў разьвялі нас. Але я шмат чуў пра яго ад мамы. Асабліва мяне ўразіў мамін аповед, як хавалі дзядулю.

…1937 год. Гэты год, як і папярэднія, і наступныя за ім гады, быў жорстка бязбожны на Беларусі. Усялякія праявы набожнасьці былі перад уладамі ў няміласьці, ганіліся, караліся. А дзядуля якраз мой быў моцна набожны. Перад скананьнем сваім наказаў, каб пахавалі яго абавязкова са сьвятаром. Але дзе таго сьвятара было ўзяць тады?! Тады ж усіх іх паразганялі, пассылалі, рассыпалі па сьвеце — каго ў Сібір, каго на Салаўкі. А каторы дзе застаўся, дык прытаіўся, як тая мыша ў камешніку пад венікам. І ўсё ж мой тата выхадзіў перад уладаю дазволу на пахаваньне са сьвятаром. «Колькі ён папахадзіў, — згадвае мама, — каб той дазвол атрымаць! Колькі парогаў абабіў! І ўсё ж выхадзіў! Ня памятаю, дзе ён таго сьвятара дапаў, але прывёз. Чорны быў такі, у чорнай рызе. Ён і адпяваў дзядулю…» Але ня толькі гэта ўразіла мяне… Дзядулю пахавалі ва ўсім белым. На гэта таксама была дзядулева воля!

…Белыя кужэльныя порткі… Белая кужэльная кашуля… Такія ж белыя, з палатна, на нагах ціжэмкі. Усё гэта ён прывёз з Шоўкавічаў. Усё гэта было сьвянцонае. Хоць я таго пахаваньня ніколі ня бачыў і ня мог бачыць, але мамін аповед быў такі выразны, што ён заўсёды стаяў уваччу, як жывы: труна на покуце, а ў труне ва ўсім белым — мой дзядуля з чорнай абкладной барадой. Гэтак хавалі толькі праведнікаў. А дзядуля мой такім і быў. Ён шмат гадоў лесьнікаваў у шоўкавіцкіх лясах пад Рэчыцай. Змог заашчадзіць нейкую капейку і на гэты капітальчык здолеў збудаваць між Шацілкамі і Жлобінам у мястэчку Мормаль пры чыгунцы на пагорку, які мае загадкавы назоў Жырвонак, паравы млынок — для сябе і для людзей. Але нядоўга ён пакарыстаўся тым млыном. Неўзабаве пасьля нэпу той млынок канфіскавалі, а самому дзядулю і ягонай сям’і пагражала высылка ў Сібір ці яшчэ куды. Дзядуля мусіў хавацца. Хаваўся ў добра знаных ім шоўкавіцкіх лясах. Туляючыся па тых лясах ды хутарах, захварэў невылечна. Вярнуўся ў Мормаль паміраць да сына. Хворага яго ўжо ніхто не чапаў. З Шоўкавічаў ён прывёз усё на сваю сьмерць — белае бельле. Гэта пасьля я даведаўся, што белая вопратка — гэта сымбаль чысьціні, нявіннасьці, сымбаль хрысьціянства. Колісь і хрысьцілі немаўлятак ва ўсім белым. Кожнае немаўлятка мела хрысьціянскую кашульку. І да шлюбу ішлі ва ўсім белым. І ў апошні шлях праводзілі ва ўсім белым. От чаму дзядуля і папрасіў пахаваць яго ва ўсім белым — у белым бельлі.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Уладзімер Содаль

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0