Сёньня беларусы маюць пра Ўкраіну ўсё больш цьмянае ўяўленьне.

Не сказаць, каб яно й за саветамі было яснае: замест тысячагадовай непарыўнай супольнай традыцыі паўстаў савецка-маскоўскі стэрэатып, праз прызму якога ўспрымалася жыцьцё ў УССР. Але досьвед незалежнага існаваньня абедзьвюх дзяржаў ня толькі ня выправіў тых хібных стэрэатыпаў, але й нагрувасьціў іх яшчэ болей. Адно згадаць прызнаньне Лукашэнкі, што ўкраінская — ягоная любімая мова.

Едучы днямі па Заходняй Украіне, я не пасьпяваў зьдзіўляцца, наколькі ўсё тут дынамічна мяняецца й наколькі ўсё тое, што я бачу, безнадзейна не супадае са стэрэатыпамі бальшыні маіх суайчыньнікаў.

Уласна я ехаў у Закарпацьце, чароўны край, што гэтак надрыўна раіла ў свой час адведаць Сафія Ратару. Аднаго разу я ўжо тут бываў, яшчэ за савецкімі часамі. Тады з групаю беларускіх рэстаўратараў мы пераймалі ўкраінскі досьвед кансэрвацыі помнікаў і арганізацыі музэяў драўлянага дойлідзтва. Дарэчы, у сталіцы Закарпацьця, Вужгарадзе, — адзін з найлепшых скансэнаў Эўропы, дзе сабраны ўнікальныя ўзоры тутэйшага старасьвецкага будаўніцтва.

Гэтым разам мяне ня надта прыцягвала ўжо добра знаная мне экзотыка й насамрэч выдатныя помнікі архітэктуры. Я цікавіўся зьменамі, што адбыліся тут за апошнія паўтара дзясятка гадоў.

Зьмены й сапраўды ўразілі. Ад колішняе савеччыны не засталося й знаку. Затое зьявілася багата вугорскага — мовы, музыкі, рэчаў. Цэнтральны пляц цяпер носіць імя Шандара Пётэфі. Тутсама пастаўлены й зграбны помнічак яму. Справа ў тым, што Вужгарад пэўны час зваўся Унгвар. І спрэчкі вакол яго вяліся паміж вугорцамі, румынамі ды славакамі. А скончыліся яны, ўрэшце, на карысьць… украінцаў у 1944 г. Да сёньня тут украінцы жартуюць, што самы лепшы народ — вугорцы, бо сышлі адсюль у 1944-м. Але вугорцы й самы горшы народ, бо сышлі адны, бязь іх.

Этнічная стракацень і блізкасьць розных межаў адчувальная тут зь першага кроку, як выходзіш са станцыі: адразу абкружае абдойма таксоўшчыкаў, якія пытаюцца, у Вугоршчыну цябе везьці ці ў Славакію. І датуль, і датуль — тузін кілямэтраў. Па тутэйшым тэлебачаньні сёньня ідуць чатыры ўкраінскія каналы, два вугорскія, славацкі ды румынскі. Вугорская, славацкая й румынская мовы гучаць з вуснаў ці не часьцей за ўкраінскую. Зрэшты, і ўкраінская тут — куламеса гуцульскіх дыялектаў, таму злавіць зьмест фраз на вуха зусім няпроста. Тутэйшы люд вельмі выразна адмяжоўвае сябе ад астатніх украінцаў, а перадусім ад галічан. Жарт: найгоршыя людзі — гэта галічане! Чаму? Бо галічане!

Тутсама, у Вужгарадзе, ёсьць нават нечуваная, як для Беларусі, рэч — цыганскія школы й адмысловыя праграмы па прафэсійнай падрыхтоўцы для цыганоў. Тутэйшыя цыганы, якіх тут безьліч, зусім цяпер не падобныя да савецкіх — мурзатых. Яны тут цалкам шанаваныя й сацыяльна адаптаваныя грамадзяне, пра якіх я не пачуў нічога кепскага. Нічога благога тут ня скажуць і пра расейцаў, бо тутэйшыя расейцы ў бальшыні сваёй — нашчадкі белае эміграцыі 1920-х гадоў. Яны тут збудавалі сабе апрычоную цэркаўку ў чыста маскоўскім кшталце і сваю гімназію. А з тутэйшымі не сыходзяцца й дасюль, як вада з алеем.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяргей Харэўскі, Вужгарад—Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0