У супрацьюшчанкаўскай рэкляме паказваюць мапу Ўкраіны, падзеленую з захаду на ўсход на тры часткі: першы гатунак, другі гатунак і трэці гатунак.

У Вужгарадзе, самым заходнім і самым малым па колькасьці насельніцтва абласным цэнтры Ўкраіны, першыя выходныя кастрычніка — сьвята гораду. Сёлета Вужгараду 1111 гадоў. Тут даведваешся, што Вужгарад — гэта акурат цэнтар Эўропы: так нават называецца адна з вужгарадзкіх газэт.

На сьвята гораду вужгарадцы атрымалі падарунак — новы будынак вакзалу. Будаўніцтва вялося ўдарнымі тэмпамі круглыя суткі, будынак сапраўды шыкоўны. 6 кастрычніка адкрываць вакзал прыехаў прэм’ер-міністар і кандыдат у прэзыдэнты Ўкраіны Віктар Януковіч. У сувязі з гэтым вужгарадцы расказваюць анэкдот: «Чакаецца прыезд у Вужгарад Януковіча. Рэзка ўзрасла цана на яйкі». Пасьля таго як у Івана-Франкоўску ў Януковіча кінулі яйкам, і прэм’ер вагою 130 кг і ростам 195 см страціў прытомнасьць, ва ўкраінскім Інтэрнэце зьявіўся новы хіт — гульня «Хамське яєчко», дзе трэба патрапіць у прэм’ера, каб адну за другой вызваліць усе вобласьці Ўкраіны.

Януковіч адкрыў таксама новы кардыялягічны цэнтар і сустрэўся са студэнтамі Вужгарадзкага нацыянальнага ўнівэрсытэту. Акурат перад выбарамі ўнівэрсытэт займеў новага рэктара. Былога рэктара знайшлі забітым, а на ягонае месца прызначылі дэкана мэдыцынскага факультэту, сябра алігархічнае Сацыял-дэмакратычнае партыі і давераную асобу Януковіча Васіля Русіна. Дэпутат ад Закарпацьця ў Вярхоўнай Радзе зьвяртаўся ў пракуратуру з просьбай узбудзіць крымінальную справу, паколькі было вядома, што васьмі прафэсарам пагражалі, каб яны ня выставілі сваёй кандыдатуры на пасаду рэктара.

Перад выбарамі ў два разы павысілі стыпэндыю студэнтам (яна сягае каля 20 даляраў ЗША, раней — 10 даляраў) і павысілі пэнсію. Праўда, жыхары Закарпацьця глядзяць на гэта крытычна і баяцца, што гэта аднаразовыя выплаты, а потым пэнсія зноў вернецца да цяперашняга памеру.

Кабінэт Януковіча актыўна рэклямуе кампанію вяртаньня людзям грошай, накопленых у Ашчадным банку СССР. Цяпер выдаецца разавая кампэнсацыя ў памеры 50 грывень (каля 10 даляраў ЗША), у наступным годзе абяцаюць у залежнасьці ад накопленай сумы залічваць гэтыя грошы ў кошт камунальных паслуг. Бабулькі шчасьлівыя. Праўда, Януковіч не гаворыць, дзе гарантыі, што ён гэта зробіць. Ня кажучы пра той выпадак, калі разьбірацца з гэтым прыйдзецца іншаму прэм’еру.

На 15 кастрычніка прызначана здача яшчэ аднаго аб’екту — трасы Кіеў—Чоп, якая цяпер рэканструюецца. Абласная адміністрацыя рэклямуе сваю працу: да сьвята ліквідавана запазычанасьць па заробках, мікрараён Даманінцы атрымаў ваду, беспрацоўе — адно з найніжэйшых у Эўропе (1,3%). Пры гэтым нічога ня згадваецца пра вялікую колькасьць украінцаў, якія працуюць за мяжой.

Толькі ў Партугаліі пражывае легальна 75 тысяч украінцаў, а нелегальна як мінімум яшчэ столькі ж. Заходнія украінцы часта разьбіваюць сем’і, каб зарабіць грошай: жанчыны езьдзяць працаваць у Італію ці Гішпанію, мужчыны — у Партугалію. Зарабіўшы грошай, людзі вяртаюцца на радзіму і набываюць дамы.

Вугорская меншасьць, якая жыве ў Закарпацьці, таксама стараецца пра разнастайныя льготы. Некаторыя афармляюць сабе пэнсію ў Вугоршчыне, а жывуць ва Ўкраіне. Студэнты езьдзяць вучыцца ў Вугоршчыну, дзе існуюць дзяржаўныя праграмы падтрымкі вугорцаў з-за мяжы. Жанчыны езьдзяць туды нараджаць дзяцей, паколькі там лепшы стан мэдыцынскага абслугоўваньня. У Вужгарадзе адна школа з выкладаньнем вугорскай мовы.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Вераніка Дзядок, Вужгарад—Чоп—Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0