У прэзыдэнцкай кампаніі ва Ўкраіне, як у люстэрку, можна ўбачыць, што будзе адбывацца ў Беларусі ў 2006 ці, хутчэй, у 2011 годзе. Юшчанка — гэта альтэрнатыва ня толькі Януковічу, але й Пуціну, і Лукашэнку, стылю іхнага кіраваньня. Нават зьнявечаны атрутаю, ён іх палохае.

Прэзыдэнцкія выбары

ва Ўкраіне аднойчы адбываліся ў адзін тур і два разы — у два туры. У 1991 г. Леанід Краўчук разгромна перамог лідэра Народнага руху Вячаслава Чарнавола. У 1994 г. у першым туры Л.Краўчук набраў болей галасоў, чым былы прэм’ер Леанід Кучма, але ў другім туры Л.Кучма абышоў яго пры масавай падтрымцы ўсходнеўкраінскіх выбарцаў. У 1999 г. Л.Кучма выйграў у камуніста Пятра Сіманенкі ў другім туры.

На выбарах 31 кастрычніка два кандыдаты маюць шанцы на перамогу. Апошнія апытаньні грамадзкае думкі давалі Віктару Юшчанку і Ўладзімеру Януковічу па 34% галасоў. Трэцяе месца аспрэчваюць лідэры сацыялістаў і камуністаў Аляксандар Мароз і П.Сіманенка (абодва каля 7% галасоў).

Лукашэнка ў Кіеве

27 кастрычніка А.Лукашэнка распачаў працоўны візыт у Кіеў з сустрэчы з кандыдатам-камуністам Пятром Сіманенкам.

Той, хто ў 1996 г. браў удзел у Дні Волі, ведае, што такое энэргетыка шматтысячнага мітынгу. Уявіце сабе гіганцкую плошчу Лесі Ўкраінкі, падобную да аранжавага мора. Аранжавы — колер кампаніі былога ўкраінскага прэм’ера. На мітынгу — спрэс маладыя твары. А на трыбуне Віктар Юшчанка — на 20 гадоў старэйшы за сябе ж на вялікім транспаранце. Ягоны твар усё яшчэ нясе страшныя адбіткі таямнічага атручваньня, ад якога Юшчанка так да канца і не акрыяў.

Хто й чым атруціў? Невядома. Народны тэлеграф перадае, што таямнічая хвароба распачалася пасьля размовы з намесьнікам кіраўніка СБУ, у часе якой Юшчанку прапанавалі кілішак закарпацкага каньяку. Але гэта чуткі, а сапраўдныя выканаўцы тайнае апэрацыі невядомыя. Журналісты разыходзяцца ў ацэнках таго, хто быў замоўцам — штаб Януковіча, атачэньне аднаго з алігархаў ці наўпрост расейскія спэцслужбы і адпраўленыя імі ва Ўкраіну паліттэхнолягі. Самому Януковічу наўрад ці ёсьць карысьць браць на сябе такі грэх перад выбарамі, зыход якіх далёка не вядомы. А мо гэта была спэцслужба іншае дзяржавы, якой нявыгадны прыход Юшчанкі да ўлады? Алігархічныя СМІ, што спачатку ўкідвалі вэрсію пра «атручваньне сушы і чырвоным віном, якія складалі асноўную дыету Юшчанкі», цяпер пераключыліся на аднолькава праўдападобную вэрсію пра «абвастрэньне герпэтычнае інфэкцыі», вылучаную паслухмянай Януковічу камісіяй Вярхоўнае Рады.

На плошчы Лесі Ўкраінкі месьціцца Цэнтравыбаркам. І ў нас 100 тысяч сабралася б, каб дазволілі сабрацца ля Цэнтравыбаркаму, а не на Бангалоры. Усё тое, што я назіраю ў сталіцы Ўкраіны, можа паўтарыцца і ў нас, як толькі прагрэсіўныя сілы вылучаць моцнага кандыдата ў прэзыдэнты, — будуць і мітынгі, і атручваньні.

Аранжавы колер кампаніі Юшчанкі выбраны, каб не палітызаваць нацыянальны жоўта-блакітны сьцяг. Але адначасова гэта мае на мэце прыцягнуць камуністычны і сацыялістычны электарат кандыдатаў-аўтсайдэраў — Пятра Сіманенкі і Аляксандра Мароза. І Юшчанка, і Цімашэнка нястомна зьвяртаюцца да левага электарату: «Пасьля нашай перамогі мы спынім злачынную прыватызацыю, мы нікому не дамо прадаць зямлю», — абяцае палкая аратарка Юлія Цімашэнка на мітынгах. Яна пераяжджае з райцэнтру ў райцэнтар, гэтым юшчканкаўцы імкнуцца кампэнсаваць недаступнасьць тэлеэфіру. Праграма Юшчанкі сацыяльна-скіраваная па сваёй сутнасьці, ягоная кааліцыя называецца «Сіла народу». Але хвароба Юшчанкі перабіла графік перадвыбарнага турнэ.

Багатая агітацыя дзейнага прэм’ера Віктара Януковіча вытрымана ў сініх тонах — пікеты, плякаты, бігборды. Януковіч мае грошы, шмат грошай. Ён купляе найлепшае. Ягонай прэс-сакратаркай стала кіраўніца кіеўскага бюро радыё «Свабода». На засмучэньне інтэлігенцыі, яго падтрымалі сыны Вячаслава Чарнавола, а вядомы львоўскі палітоляг Косьць Бандарэнка напісаў кнігу пра «сапраўднае аблічча ўраду Юшчанкі», якую цяпер праваднічкі раздаюць пасажырам у цягніках. «Усё купляецца», — вось што тэхнолягі Януковіча хочуць даказаць насельніцтву. Іх супэрзадача — не дапусьціць рамантычнага ўздыму людзей.

Украіна — самая дэмакратычная і празаходняя краіна СНД пасьля Грузіі. Ці застанецца яна такою пасьля выбараў? У пачатку 90-х Народны рух Чарнавола супрацоўнічаў з экс-камуністам Краўчуком, у канцы — зь «меншым злом» Кучмам. Тады праэўрапейскія сілы ня мелі свайго лідэра і шанцаў на перамогу, але, будучы ў меншасьці, аказвалі вырашальны ўплыў на ўкраінскую палітыку. Сёньня нацыянал-дэмакраты замахнуліся на ўладу. Тым самым яны паклалі ўсе яйкі ў адзін кошык. Украіна блатнога даняччаніна Януковіча можа аказацца занадта марознаю для эўрапейцаў. Найлепшыя інтэлектуалы і артысты Ўкраіны ад пісьменьніка Юр’я Андруховіча да сьпевака Алега Скрыпкі згуртаваліся вакол Юшчанкі. Але шанцы экс-прэм’ера на перамогу застаюцца 50 на 50: адміністрацыйны апарат і дзяржаўныя СМІ працуюць на ўладу.

Алігархічныя кланы пачалі звужаць прастору дэмакратыі. Абсяг вяшчаньня адзінага незалежнага ад алігархаў «Пятага каналу» абмяжоўваецца, у офісах недзяржаўных арганізацый ідуць ператрусы. Януковіч выкарыстоўвае Лукашэнкавы ноў-хаў дзесяцігадовай даўніны, якія прывялі да міжнароднай ізаляцыі Беларусі, штурхнулі краіну ў абцугі Расеі і выклікалі раскол грамадзтва. У падзеленай на Захад і Ўсход Украіне гэта можа мець катастрафічныя вынікі.

«Чаму мы так жывём? Бо ў краіне — бандыцкая ўлада! Гэтая нацыя дзеліцца на бандытаў і сумленных людзей! Але ня верце таму, што выбары робяцца на схадняках. 31 кастрычніка — гэта адказ, перамогуць ва Ўкраіне сумленныя людзі ці на дзясяткі гадоў тутака будзе дыктатура», — такое дэідэалягізаванае пасланьне нясе Юшчанка з трыбуны мітынгаў.

Украінскі «Зубр» называецца «Пора». Прыхільнікі Віктара Юшчанкі абяцаюць сабраць каля Цэнтравыбаркаму ў ноч выбараў 500 тысяч чалавек. Толькі так можна засьцерагчыся ад падліку галасоў «па-беларуску». Адрозьненьне Ўкраіны ад Беларусі ў тым, што, калі адключаюць сайты незалежных СМІ і незалежнае ТБ, людзі аўтаматычна выходзяць на цэнтральную плошчу, тады як беларус застаецца сядзець перад тэлеэкранам у роспачы ад лічбаў Ярмошынай. «Ня вер і ня бойся», — гэтыя прынцыпы сярэдні ўкраінец запомніў нашмат лепш.

Юшчанка — нармальны эўрапейскі лідэр, спакойны, які адстойвае эўрапейскія вартасьці. «У выпадку ягонай перамогі Расея атрымае цывілізаванага суседа, які эўрапеізуецца, паступова адракаецца гаспадаркі «данецкага», г.зн. крымінальнага, тыпу, і на гэтым фоне будзе выглядаць яўна нявыйгрышным чынам. Або апынецца ў атачэньні краін-ізгояў, ператвараючыся ў сьветач здаровага сэнсу на стэпавых эўразійскіх прасторах», — так бачыць дылему выбараў над Дняпром расейская «Gazeta.ru». Гэта вынятак сярод расейскіх СМІ, што піяраць «свайго сучага сына» Януковіча.

СНД часам падаецца клюбам махляроў, якія адмаўляюць сваім народам у свабодзе выбару. Калі не лічыць спэцыфічнага выпадку ўзгадаванага Эдуардам Шэварднадзэ Міхаіла Саакашвілі, Юшчанка — першы палітык прынцыпова іншага складу, які мае рэальныя шанцы атрымаць уладу на постсавецкай прасторы. Перамога Юшчанкі азначала б перамогу новых палітычных практык на тэрыторыі СНД. Менавіта таму Пуцін і Лукашэнка пасьпяшаліся падтрымаць Януковіча на сьвяткаваньні 60-годзьдзя вызваленьня Ўкраіны, тэрмінова перанесеным з 6 лістапада на 27 кастрычніка.

Атручваньне Юшчанкі — гэта толькі адзін з подлых спосабаў, якімі старая сыстэма будзе трымацца за ўладу і згрэбеную пад сябе ўласнасьць. Але яе падзеньне непазьбежнае хоць бы таму, што мэты, якія адстойвае Юшчанка, — гістарычна прагрэсіўныя. Гэта свабодная канкурэнцыя ў эканоміцы і палітыцы, свабода нацыянальнага разьвіцьця, перавага права над кланавасьцю. Пытаньне толькі ў тым, ці зможа Юшчанка перамагчы ва Ўкраіне сёньня, ці гэта адбудзецца нашмат пазьней. А таксама адбудзецца гэтая рэвалюцыя электаральным ці вулічным шляхам.

Мікола Бугай

Больш пра падзеі ва Ўкраіне на сайце www2.pravda.com.ua.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0