Беларускія тэатры зьбіраюцца перавесьці на самаакупнасьць. Паводле нашае інфармацыі, пытаньне найбліжэйшым часам мае вырашацца на калегіі Мінкульту.

У тэатральных колах гэтая інфармацыя прайшла ў канцы чэрвеня. Пытаньне найбліжэйшым часам мае вырашыцца на калегіі Мінкульту. Пакуль няма афіцыйнага рашэньня, кіраўніцтва тэатраў ад камэнтароў устрымліваецца.

Перавод на самаакупнасьць можа прывесьці да скарачэньня штатаў і заробкаў. Гэтак, у маладачанскім тэатры «Батлейка» працуе 50 чалавек. Заробкі ў іх перавышаюць 500 тыс. рублёў. Болей атрымліваюць толькі ў міліцыі, банках або ў Менску.

Чым тэатры будуць зарабляць на жыцьцё, невядома. Ёсьць г.зв. «камэрцыйныя тэатры». Адзін з такіх існуе пры маладачанскім Палацы культуры чыгуначнікаў. Але займаюцца ўсім, што дае прыбытак.

Цэны на квіткі ў Маладэчне асабліва ня ўздымеш. Таму тэатры і вымагаюць падтрымкі дзяржавы ці прыватных фундатараў.

Ёсьць і яшчэ адзін варыянт: адкруціць кола часу і вярнуцца на стагодзьдзе назад. У пачатку ХХ ст. тэатар Ігната Буйніцкага вандраваў ад вёскі да вёскі, даючы спэктаклі. Так зьезьдзілі ўсю Беларусь.

І цяпер карысьць для вяскоўцаў будзе несумненная, у многія паселішчы артысты не зазіралі ніколі. Вось толькі што зарабіць шмат супрацоўнікаў тэатраў ня здолеюць. Народ у вёсцы не багаты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?