Гэтымі днямі ў Менску зруйнавалі яшчэ адзін помнік ў гістарычным цэнтры — дом ХІХ ст. № 11а па вуліцы Інтэрнацыянальнай (былой Зборавай). Адзін зь ягоных фасадаў выходзіў на вуліцу Камсамольскую. На ёй таксама сабраліся бурыць дом №15 ўжо па гэтай вуліцы. І гэта толькі пачатак.
УП «Менскпраект» прапануе разбурыць яшчэ адзін каштоўнейшы помнік старасьвеччыны — будынак старое пошты, ХVIII cт., яшчэ часоў Рэчы Паспалітай. Гэта сёньня дом нумар №6, па Камсамольскай (былой Фэліцыянаўскай), што выходзіць бакавым і дваравым фасадамі на Нямігу. Дом быццам бы замінае аўтамабільнаму руху — загароджвае паўдарогі. Натуральна, трэба ж неяк цяпер з паркінгу выкатвацца без замінкі!
Пасьля ўсяго, што яны нарабілі з нашым Менскам, гэта, выглядае, толькі пытаньне часу… Няма сумневаў, што інвэстары і заказчыкі знойдуць моцныя аргуманты. А чынавенства з Мінкульту падпішацца…
Такім чынам, колькасьць помнікаў нашае гісторыі сьціскаецца, рыхтык шчыгрынавая скура. Нагадаем, ва ўсім Менску сёньня засталося блізу двух тузінаў аўтэнтычных пабудоваў ад усіх эпохаў дасавецкага пэрыяду…