«Партрэт невядомага мужчыны» набыў за 22 000 даляраў калекцыянэр зь Беларусі

Гэта быў адзін з тых выпадкаў, калі глядзець на залю цікавей, чым на сцэну. Тэлеапэратары натапырылі відэакамэры ў бакавых праходах, журналісты атабарыліся на галёрцы. У цэнтры залі, на ладнай адлегласьці адзін ад аднаго, пасела чалавек трыццаць аўкцыянэраў — тых, хто прыйшоў набываць, за выняткам хіба Элеаноры Язерскай, якая яшчэ ў фае адкрыта прызналася, што набываць нічога ня будзе, бо ў яе дома ўсе сьцены і так ужо завешаны.

Аўкцыённы дом «Paragis» «не пасьпеў падрыхтаваць» уласнага аўкцыяніста, таму давялося запрашаць Арсенія Лабанава з Масквы. Гэты пульхны чалавечак, у пінжаку, зашпіленым на верхні гузік, уладкаваўся на высокім зэдліку за катэдрай, агледзеў свае рабочыя прылады — драўляны малаточак, каталёг, асадку, — начапіў навушнікі зь мікрафонам ды пляснуў у шклянку крыху мінэралкі. «Фатаграфаваць? Калі дамовіцеся з арганізатарамі, тады можна. Але — без успыш-ш-шкі!» — раскацістым барытончыкам паведаміў ён, масажуючы пальцамі крыху апухлыя павекі.

Прачытаўшы простыя правілы (падымаць таблічкі з нумарамі ды гукаць «Ап!», калі таблічку не заўважылі), аўкцыяніст пстрыкнуў пальцамі ды аб’явіў нулявы лот — майку «Дынама-Менск» з аўтографамі гульцоў. «Дынама» — ня толькі таму, што каманда-чэмпіён, але й з тае прычыны, што спонсар каманды «Siemens» дапамог грашыма і аўкцыёну. А вось дзяржпрадпрыемствы ад прапановы фундаваць аўкцыён адхрышчваюцца як чорт ад срэбнай кулі. Патрохі пачаў цікавіцца Белдзяржстрах, бо наведнікі такіх імпрэзаў — яго патэнцыйная кліентура.

Аўкцыяніст пачынае з цаны ў адзін даляр і праз хвіліну збывае майку за паўсотні чалавеку ў акулярах, які сваім пінжаком паверх барвовага швэдра ды набітым скураным партфэлем дужа нагадвае шараговага чыноўніка. Ён, Яўген Ксяневіч, насамрэч бізнэсовец, які гойсае па Беларусі ды ладзіць мастацкія выставы, спрабуючы, як ён кажа, «выгадаваць кліента». Ён ужо быў на першым аўкцыёне «Paragis» ды ведае, што той, хто мае сьмеласьць перамагчы ў змаганьні за нулявы лот, атрымлівае яго бясплатна, — у падарунак.

На жаль, расьпісаная майка была адзіным лотам, які вынесьлі, каб паказаць аўдыторыі. Астатнія прэзэнтавалі ў выглядзе фота, праектаваных на экран.

Хлапчукі ў гарнітурах

Першы сапраўдны лот. Чырвонафігурная ваза, Міжземнамор’е, 320—330 г. да н.э., пачатковая цана 4950 даляраў. Заля маўчыць. Лот зьняты. Другі лот — керамічны аскепак за 400 даляраў. Таксама зьняты. Трэці — пацеркі — зьняты. Таблічкі ўздымаюцца толькі на чацьвёртым лоце — два аматары малаазійскіх наканечнікаў для стрэлаў уступаюць у двубой, нібы хлапчукі, якія б’юцца за адшуканы скарб. Перамагае мужчына з «рымскім» носам, з даўгаватымі валасамі, якія крыху ўкрываюць вушы, у чорным гарнітуры з блакітным гальштукам. Ён вонкава стрыманы, аднак сківіцы, якія нэрвова жуюць гумку, здрадліва выдаюць запал. Наканечнікі «накруцілі» цэлую сотню ды дасталіся яму за 180 даляраў.

Манэтамі ніхто не цікавіцца — нумізматаў у залі няма. «Божа мой, які ажыятаж!» — кпіць аўкцыяніст. Але сталовае срэбра разыходзіцца добра — яшчэ адзін доўгавалосы брунэт гадоў трыццаці выйграе дзьве вазы па 300 даляраў ды нэпальскі гарбатнік за 950. Гэты лот стаўся няўдачай «Paragis» — дом аўкцыёнаў намерваўся атрымаць за срэбную пасудзіну вагой дзьве кілі найменш 3000 даляраў.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0