Чатыры зь дзесяці хлопцаў з майго беларускага аддзяленьня расчаравана пакінулі яго.

Але цяпер, калі з праграмы выкідаюцца творы «нячэсных» аўтараў, а катэдра беларускай літаратуры далучаная да катэдры міталёгіі, тыя часы здаюцца залатымі.

Лічыцца, што на філфаку вучыцца проста. Асабліва хлопцам. Ня буду аспрэчваць гэтыя тэзы, бо мушу адказваць толькі за сябе. Вучыцца сапраўды, пры прыкладаньні мінімальных намаганьняў, было няцяжка. На пачатковых курсах дзеля перапаўзаньня да далейшага «ўзроўню ведаў» дастаткова было проста своечасова зьяўляцца на іспыты. Калі большасьць дзяўчат гібела па чытальных залях над летапісамі й хронікамі ХІІ ст., я чытаў Сартра і Разанава (за летапісы засеў значна пазьней). Ня буду прысабечваць статус галоўнага абібока й разьдзяўбая патоку — былі й горшыя, — але па вывешваньні сярэдняга атэстацыйнага балу маё прозьвішча аказалася ніжэй за сярэдзіну сьпісу.

Варта сказаць, што «адкос» ад войска ня быў самамэтай майго паступленьня на «факультэт нявест». З аповедаў тых, хто вучыўся на пачатку — у сярэдзіне 90-х, філфак уяўляўся асяродкам усяго беларускага й незаангажаванага. Зь яго выйшла пакаленьне адукаванай, нацыянальна зараджанай моладзі. Хтосьці зь іх выкладае там і цяпер. «Але лёс склаўся так…»

Прыгадваецца эпізод зь першых дзён навучаньня, калі лектарка, завяршаючы ўступную прамову, патасна абвясьціла: «Дарагія калегі, філёлягі, калі ласка, пытайцеся размаўляць паміж сабой па-беларуску».

Пры сапраўды грунтоўнай навуковай базе, якая зь першых курсаў удзёўбвалася ў нашы галовы, вывучэньню лексычнага складу мовы, стварэньню ўласных тэкстаў (эсэ, рэцэнзій), перакладніцкай дзейнасьці надзялялася мінімум увагі. Са ста дзесяці чалавек беларускага аддзяленьня (цяпер набор паменшаны да 75) не было й дзесяці, якія «пыталіся» б размаўляць між сабой па-беларуску. Цяжка сказаць, зь якімі пачуцьцямі члены ДЭК на чале з А.Падлужным слухалі выступленьні абаронцаў дыплёмаў, калі тыя адрываліся (адхіляліся) ад падрыхтаваных рэфэратаў для падзякі й адказу на пытаньні. Ня ведаю, як завецца тая мова, але пэўна, што не беларуская.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Анатоль Івашчанка,

сакратар Саюзу пісьменьнікаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0