Эўропа пасьпяхова адмаўляецца ад сваіх рэлігійных каранёў, але наіўна было б чакаць гэтага ад шматмільённай мусульманскай супольнасьці, якая за апошнія дзесяцігодзьдзі паўстала ў Заходняй Эўропе.

Забойства рэжысэра Тэа ван Гога прымусіла эўрапейцаў зьвярнуць увагу на праблему, якая доўга ігнаравалася.

Сьмерць рэжысэра Тэа ван Гога, забітага 2 лістапада ў Амстэрдаме мусульманскім экстрэмістам, ускалыхнула ўсю краіну. На наступны дзень паліцыя затрымала Мухамада Б., забойцу рэжысэра, а ў мэдыях зьявіліся зьвесткі пра яго прыналежнасьць да радыкальных ісламскіх груповак. Чарговым крокам паліцыі было затрыманьне васьмі зьвязаных зь ім імігрантаў, падазраваных у тэрарызьме. Па ўсёй краіне пракацілася хваля нападаў на мусульманскія школы і мячэты. У адказ запалалі некалькі цэркваў. У гэтай сувязі загаварылі пра рэлігійную вайну ў Галяндыі, а самі галяндцы сталі перад дылемай: з аднаго боку — страх перад тэрарызмам, з другога — даўнія традыцыі талерантнасьці і асабістых свабод у іх краіне.

Прычынай забойства ван Гога стаў яго фільм «Submission» («Падпарадкаваньне») пра дыскрымінацыю жанчын у мусульманскім грамадзтве. Улетку паказ фільму па галяндзкім тэлебачаньні сустрэўся з моцнай крытыкай мусульманскай супольнасьці ў Галяндыі. Напружаньня дадаў яшчэ той факт, што фільм паўстаў пры супрацоўніцтве з Аджаан Гірсі Алі, якую ў мусульманскіх асяродках лічаць здрадніцай. Гэтая жанчына дзяўчынкай уцякла з Самалі перад шлюбам, які арганізавала ёй сям’я. Цяпер у галяндзкім парлямэнце яна змагаецца, сярод іншага, з такімі звычаямі, як абразаньне дзяўчынак, што пануе ў некаторых мусульманскіх краінах. Яна публічна адраклася ад сваёй ранейшай веры і пастаянна крытыкуе імігрантаў за тое, што яны вельмі павольна асымілююцца. Але прыклад Аджаан — хутчэй, выключэньне з правілаў. У 16-мільённай Галяндыі жыве амаль мільён мусульман, якія захоўваюць свае традыцыі і раўніва сьцерагуць сваю веру.

У Нарвэгіі з насельніцтвам у 4,4 млн мусульман 70 тыс. Калі адна з нарвэскіх міністарак выказалася пра патрэбу «мадэрнізацыі» ісламу, гэта выклікала моцнае абурэньне сярод тамтэйшых мусульман, якіх, дарэчы, падтрымаў таксама лютэранскі біскуп Осла. Міністарка востра выступіла супраць шлюбаў пад прымусам, якія арганізоўваюць сем’і дзяўчынак, заявіла таксама, што трэба спрасьціць працэдуры разводу для мусульманскіх жанчын. Вінаватымі ў палітыцы ізаляцыі мусульман у Нарвэгіі яна назвала імамаў, якія зьяўляюцца ахоўнікамі кансэрватызму. Паводле слоў міністра, ня могуць яны прызвычаіцца, што жывуць у краіне, дзе іх рэлігія ніколі ня будзе дамінаваць. Гэтае сьцьверджаньне, аднак, ужо не зусім адпавядае агульнаэўрапейскай сытуацыі.

У Парыжы можна пачуць такі жарт: «Як называецца адзіная арабская краіна, дзе няма нафты?» — «Францыя». Ужо сёньня ў Францыі жывуць 6 млн мусульман, а на поўдні краіны ў некаторых месцах выхадцы з арабскіх краін колькасна пераважаюць над карэннымі жыхарамі. У адным з найбольшых гарадоў Нямеччыны — Гамбургу — колькасьць мусульман ужо перавысіла колькасьць карэнных немцаў. Пасьля 40 гадоў іміграцыі замежнікаў, якія жывуць у краіне (некаторыя ўжо ў трэцім пакаленьні), стала некалькі мільёнаў. Прычым колькасьць іх пастаянна расьце. Калі сярод нямецкага насельніцтва канстатуецца моцны дэмаграфічны крызіс, 5—8 дзяцей у турэцкай сям’і — гэта нармальная зьява. Амаль у кожным нямецкім горадзе ёсьць свая «маленькая Анкара», дзе ўсё турэцкае: тэлебачаньне, прэса і маральны кодэкс. Можна пражыць жыцьцё ў такім гета і ня вывучыць нямецкай мовы. Амаль 40% турэцкіх дзяцей, якія ідуць у першую клясу, ня ведаюць нямецкай мовы, а кожнае трэцяе ня ў стане скончыць пачатковую школу. Адпаведныя і вынікі. Калі ў 1973 г. працаваў 91% імігрантаў, дык цяпер — толькі 29%. Сацыяльныя праблемы спрычыняюцца да таго, што сярод мусульманскага насельніцтва адбываецца радыкалізацыя поглядаў. 57% апытаных нямецкіх туркаў да 21 году лічаць, што «турэцкасьць — гэта наша цела, наша душа — гэта іслам. Цела без душы — гэта труп», а 41% гатовы ўжыць сілу супраць «няверных». У сфэры каштоўнасьцяў эўрапейскія туркі таксама знаходзяць апору ў сваёй рэлігіі. Эўрапейскія каштоўнасьці часта застаюцца для іх незразумелымі і чужымі.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Алесь Трафіменка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0