Леаніды
Нібы дасланыя ў космас лістом прыатачаным,
прыходзяць назад, як вірус ад дэманаў неба, у сэнсе —
часам яны вяртаюцца, зноў вяртаючы нам
імёны генсекаў і нашых паэтаў на пэнсіі.
Не спачуваюць часовай радасьці й гору,
хуткай мілосьці, да руху сьвятла гатовай.
І застывае погляд, кінуты ўгору,
перад вандроўкай, лічы, мільёнагадовай.
Руляць глыбока ўверсе, і там, з адхлані,
нам люструюць сьвятло, як камень на персьні,
быццам бы кажучы, што любое пасланьне
часам знойдзе адказ, калі не замерзьне.
20—21 лістапада 2004