Слоўнік скептыка
Забабоны — аскепкі ісьцін мінулага.
Забыўлівасьць — пасьпяховае ігнараваньне таго, што ня вельмі хочацца помніць.
Задумлівасьць — паэтычная манера ні пра што ня думаць.
Зайздрасьць — сьведчаньне таго, што ёсьць і тыя, каму горш за цябе.
Закаханасьць — доўгая прадмова да кароткага раману.
Закон — крышталізацыя забабонаў грамадзтва.
Заляцаньне — гульня, у якой мужчыны ўдаюць шчырасьць, а жанчыны — сарамлівасьць.
Зарплата — яшчэ адзін доказ таго, што працаваць на іншых нявыгадна.
Засяроджанасьць — тое, чаго так не хапае, калі чытаеш у туалеце.
Заўтра — дзень, да якога можна і не дажыць, калі ўсё адкладаць на заўтра.
Зборы касавыя — рэжысэр большасьці амэрыканскіх фільмаў.