Шмат беларусаў сачылі за хадою выбараў у якасьці назіральнікаў.
Назіральнікі з нашай краіны да афіцыйных вынікаў ставяцца скептычна. Эўрапейская сетка па назіраньнях за выбарамі ENEMO накіравала 110 беларусаў у самы цяжкі рэгіён — усходні «чырвоны пас», дзе ўвесь адміністрацыйны рэсурс быў кінуты на забесьпячэньне максымальнай яўкі, што гарантавала перавагу Януковіча.
Калі ў Беларусі асноўнае фальшаваньне адбывалася ў часе датэрміновага галасаваньня, дык ва Ўкраіне — у часе галасаваньня па «адмацавальных талёнах». Па ўсім усходзе былі сфармаваныя мабільныя брыгады з прыхільнікаў Януковіча, кожны зь якіх меў па 5—7 адмацавальных талёнаў і па некалькі разоў галасаваў на розных участках. Назіральнікі ахрысьцілі гэтую сыстэму «карусэль». Беларускія назіральнікі бачылі пад Данецкам, у Валадарскім раёне, як між участкамі курсавалі аўтобусы з усё тымі самымі «выбарцамі».
Украінскае выбарчае заканадаўства досыць лібэральнае. Назіральнікам дазваляецца сачыць за падлікам галасоў, які мае права зьдзяйсьняць толькі адзін сябра камісіі. Ён павінен уголас зачытваць, за каго пададзены бюлетэнь ды дэманcтраваць яго назіральнікам, а тыя маюць права ў любы момант прыпыніць працэдуру. Але на многіх участках гэткай ідыліі й блізка не было.
Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".
АК