Справа супраць Паганяйлы

***

Супраць Гары Паганяйлы, намесьніка старшыні Беларускага Хельсынскага камітэту, пракуратура Менску распачала крымінальную справу. Праваабаронцу вінавацяць у паклёпе на прэзыдэнта (ч.2, арт.367 КК): яму пагражае абмежаваньне альбо пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 гадоў. Паганяйла 18 жніўня даў інтэрвію швэдзкай тэлекампаніі TV4: распавёў пра палітычныя зьнікненьні й назваў імёны тых, каго падазраюць у датычнасьці да гэтых зьнікненьняў. Касэту зь відэазапісам у журналіста канфіскавалі пры перасячэньні дзяржаўнай мяжы супрацоўнікі КДБ, якія накіравалі яе ў пракуратуру.

***

Спыненая шчэ газэта

Выхад недзяржаўнай гарадзенскай газэты «Биржа информации» прыпынены 29 лістапада на 3 месяцы загадам міністра інфармацыі У.Русакевіча: падстава — рашэньне суду пра пакараньне галоўнай рэдактаркі Алены Раўбецкай за артыкул «Здрада імем народу», якім былі «зьняважаныя гонар і годнасьць» Лукашэнкі.

***

15 лістапада на дэпутата Гарадоцкага райсавету Леаніда Гаравога склалі пратакол за «дробнае хуліганства»: як дырэктар Вархоўскай базавай школы ён перашкодзіў супрацоўніку раённага аддзелу адукацыі атрымаць пісьмовыя тлумачэньні ад прыбіральшчыцы сваёй школы. Суд 23 лістапада адклаў пасяджэньне па справе Гаравога, бо пракуратура не дала дазволу прыцягваць да адказнасьці дэпутата. Недзяржаўнай газэце «Кур’ер з Барысава» 15 лістапада Мінінфармацыі вынесла папярэджаньне — за публікацыю «інфармацыі масава-палітычнага зьместу» й за адсутнасьць імя заснавальніка ў выходных зьвестках. 23 лістапада ў Горадні на ўдзельніка ўшанаваньня памяці братоў Каліноўскіх у Сьвіслачы (31 кастрычніка) Дзяніса Івашына склалі пратакол за ўдзел у несанкцыяваным мітынгу й выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі. 24 лістапада такі ж пратакол склалі на Валер’я Маціяса. Крымінальную справу Міхаіла Марыніча 23 лістапада перадалі ў Менскі райсуд. Падчас акцыі ў падтрымку Юшчанкі ў Менску 24 лістапада затрыманы актывіст «Зубра» Мікіта Сасім. 25 лістапада на беларуска-ўкраінскай мяжы з украінскага боку былі затрыманыя каардынатар «Хартыі’97» Зьміцер Бандарэнка (яму пры затрыманьні вывіхнулі руку), актывісты «Зубра» Ўладзімер Кобец, Зьміцер Бародка, Аляксандар Атрошчанкаў, якія ўдзельнічалі ў акцыях у падтрымку Юшчанкі ў Кіеве. У той самы дзень суд вызваліў іх праз адсутнасьць складу злачынства. 25 лістапада калегія Менгарсуду адхіліла скаргу Вольгі Завадзкай на дзеяньні пракуратуры Беларусі, якая адмовілася вяртацца да разгляду справы ейнага сына Зьмітра. Пракуратура Ленінскага раёну Менску 25 лістапада адмовілася пачынаць крымінальную справу па факце зьбіцьця кіраўніка АГП Анатоля Лябедзькі й журналістаў расейскіх тэлеканалаў НТВ і Ren-TV праз адсутнасьць складу злачынства ў дзеяньнях міліцыянтаў. Рэдактара ваўкавыскай «Местной газеты» Андрэя Шантаровіча 26 лістапада аштрафавалі на 50 базавых велічыняў за «несанкцыянаваны пікет» — так раённы суд ацаніў ягоную галадоўку. Суд Полацку 26 лістапада адмовіў Свабоднаму прафсаюзу беларускаму (СПБ) у пазове да Наваполацкага гарвыканкаму: СПБ палічыў незаконным, што гарвыканкам не зарэгістраваў трох аргструктур СПБ — Наваполацка-Полацкую рэгіянальную арганізацыю, а таксама арганізацыі на ААТ «Нафтан» і Наваполацкай ЦЭЦ. Уначы з 27 на 28 лістапада ў Шчучыне затрыманы Зьміцер Кіенка: яго і двух мінакоў, якія пагадзіліся стаць сьведкамі, спрабавалі абвінаваціць у распаўсюдзе газэты «Тут і цяпер». Іх пратрымалі ўсю ноч, пратаколаў не складалі, справай зоймецца КДБ. 29 лістапада на трое сутак арыштаваны Ягор Баброў — за ўдзел у акцыі 21 кастрычніка ў Менску, яго тады ж затрымалі, але адпусьцілі. Старшыня «Гарадзенскага выбару» Зьміцер Іваноўскі затрыманы 29 лістапада падчас несанкцыяванага мітынгу прадпрымальнікаў: яго абвінавацілі ў распаўсюдзе ўлётак з заклікам прыняць удзел у акцыі. 29 лістапада пракуратура Баранавічаў вынесла папярэджаньне экс-кандыдату ў дэпутаты ПП НС Аркадзю Блінкоўскаму, які ў сваім артыкуле ў газэце «Intex-press» заявіў пра фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Ушацкі суд 29 лістапада адмовіў у аднаўленьні на працы сябру ПБНФ Мікалаю Пратасевічу, даверанай асобе кандыдата ў дэпутаты, хаця суд прызнаў незаконнымі дзьве з чатырох вымоў, паводле якіх звальнялі Пратасевіча. Адміністрацыя ААТ «Рэчыцкі досьледны завод «Рытм» 29 лістапада папярэдзіла пра звальненьне па скарачэньні штатаў старшыню прафсаюзнай арганізацыі РЭПАМ Ірыну Паплаўную, ня вызваленую ад асноўнай працы тэхноляга.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0