Менавіта левыя лібэралы Амэрыкі ўзначальваюць наступ на традыцыйныя свабоды.

Левы радыкал Лёлік Ушкін у «НН» №43 сакавіта апісвае аблом «прагрэсіўнай часткі чалавецтва» пасьля выбараў у ЗША. Далей Лёлік апісвае тыя ідэі, з дапамогай якіх, на ягоную думку, рэспубліканцы выйгралі кампанію. А вось тут, як казалі калісьці, хочацца паспрачацца…

Рэч у тым, што лібэральная прэса Амэрыкі і Эўропы трактуе вынікі выбараў у ЗША цалкам «у Лёлікавым стылі» — штосьці накшталт «тупыя рэспубліканцы ўзьнялі маральныя пытаньні і перамаглі прагрэсіўных дэмакратаў». Кансэрватыўныя вясковыя калгасьнікі («redneck» па-іхняму) перамаглі гарадзкіх сучасных лібэралаў.

Што ж, давайце глыбей зірнем на гэтую Амэрыку і паспрабуем разабрацца, чаму яна прагаласавала за Буша, тым больш што ў жыцьці мы гэтых «сярэдніх амэрыканцаў» амаль ня бачым — нам у Эўропе ўсё больш прагрэсіўныя лібэралы трапляюцца. (Прыведзеныя далей зьвесткі ўзятыя з exit poll, праведзенага CNN у дзень галасаваньня.)

Хто ж гэтыя ёлупні, якія прагаласавалі за выкапня з выкапняў, аб’екта насьмешак усяго прагрэсіўнага чалавецтва — Джорджа Буша? Па-першае, белыя мужчыны — 62% за Буша, 37% за Керы. Ну, гэта яўна адны ідыёты. Настолькі беспрасьветна тупыя, што Буш выйграў галасы белых мужчын нават у найлібэральнейшых Каліфорніі і Нью-Ёрку. Ідэйны сябар Лёліка Ушкіна, таксама «левы радыкал» Майкл Мур калісьці сваю кнігу так і назваў — «Дурныя белыя мужчыны». Усю кнігу ён тлумачыць, што белыя — прычына ўсяго зла на плянэце, абураецца тым, што яны асьмельваюцца зарабляць больш за чорных, а ў турмы трапляюць менш і г.д.

Ну няхай, пра паліткарэктнасьць мы яшчэ пазьней пагаворым, а пакуль працягнем вывучаць бушаўскі электарат. Узрост. Катэгорыя 30—44 гады — людзі, якія ўжо ўсталяваліся, маюць сем’і, справу. Зь іх за Буша — 53%, за Керы — 46%. Дарэчы, сярод старэйшых (45—59 гадоў) падтрымка Буша памяншаецца — 51%, за Кэры — 48%. То бок не выпадае ўжыць яшчэ адзін «назойлівы» штампік — за дэмакратаў, маўляў, моладзь, за рэспубліканцаў — старыя.

Цяпер паглядзім на даходы амэрыканскага электарату, і… вы ўжо здагадваецеся, заканамернасьць самая просталінейная: чым багацейшы, тым больш за Буша — ад 36% у катэгорыі самых бедных да 63 сярод самых багатых. Вось жа, яўна не адны тэхаскія каўбоі галасавалі за Буша.

Хто ж выбірае лібэральную дэмакратыю насуперак калгасьніку і імпэрыялісту Бушу? У першых шэрагах тут афраамэрыканцы: за Буша 11%, за Керы — ажно 88%. Вось дзе, аказваецца, самыя шчырыя прыхільнікі грамадзянскіх свабод і лібэральных каштоўнасьцяў. Чамусьці мне, аднак, здаецца, што сярод шэрагу прычынаў такога галасаваньня — разуменьне таго, што дэмакраты пасьля прыходу да ўлады павысяць падаткі і пачнуць павялічваць дапамогі бедным і беспрацоўным. Рэспубліканцы такім людзям кажуць: «Працаваць трэба, і мы панізім падаткі ўсім працоўным», — а дэмакраты прытуляюць іх, няшчасных, да бюджэтных цыцак, і баюць: «Смакчыце, мы яшчэ дамо». (Я ўвогуле ня надта веру ў гэтую казачку пра няшчасных амэрыканскіх беспрацоўных. У ЗША пры наяўнасьці жаданьня працу знаходзіць і беларускі студэнт нават бяз добрай ангельскай мовы, і мэксыканскі селянін, і чорны гаіцянец, які праўдамі-няпраўдамі трапіў у Амэрыку. А вось некаторыя амэрыканцы ня могуць. А на халеру ім працаваць за тысячу ў месяц, калі можна не працаваць за 800?)

Парадокс сытуацыі яшчэ і ў тым, што цяпер менавіта левыя лібэралы ў Амэрыцы якраз і ўзначальваюць наступ на традыцыйныя амэрыканскія свабоды.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Віталь Цыганкоў,

Прага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0