«Украiнцы ўбачылi, што яны — нацыя»

«Гiсторыю можна выкарыстоўваць як бомбу запаволенага дзеяньня, але ў Януковiча няма адмыслоўцаў, якiя гэтую бомбу маглi б завесьцi. Раскол Украіне не пагражае. Фiнансавыя iнтарэсы данбаскіх кланаў — ва Ўкраiне». Карэспандэнт «НН» гутарыць з гісторыкам Натальляй Якавенкай, загадчыцай катэдры гiсторыi Нацыянальнага ўнiвэрсытэту «Кiева-Магiлянская Акадэмiя».

«НН»: У Расеі апошнімі днямі шмат і, я б сказаў, з асалодаю гавораць пра магчымы раскол Украіны на Захад і Ўсход ці, калі быць геаграфічна дакладным, на Поўнач і Поўдзень. Гэта сапраўды рэальна?

Натальля Якавенка: Раскол, пра якi цяпер кажуць, — гэта не прадукт старога расколу памiж казацкай Украiнай ды астатняй Украiнай, гэта прадукт падзелу Рэчы Паспалiтай канца XVIII ст., калi Львоўская, Iвана-Франкоўская ды Цярнопальская вобласьцi ўвайшлi ў склад Аўстрыйскай, пазьней — Аўстра-Вугорскай iмпэрыi. Аўстра-Вугоршчына разьвiвалася пасьля «вясны народаў» крыху iншымi шляхамi. Дзякуючы адносна лiбэральнай палiтыцы дзяржавы ўсё, што можна было назваць украiнскiм, было ў гэтай частцы Ўкраiны найбольш арганiзаванае. Пасьля няўдалай спробы стварыць адзiную Ўкраiну ў 1917—1919 г. Захад увайшоў у склад Польскай дзяржавы. Украiнскае грамадзтва было дастаткова палiтычна сьпелым, таму барацьба працягвалася на розных узроўнях. Як гэта было ўласьцiва ўсёй Эўропе ў мiжваенны пэрыяд, украiнская меншасьць, вядома ж, захварэла на таталiтарызм. Гэта быў «цайтгайст», дух часу памiж дзьвюма войнамi. Такi радыкальны нацыяналiзм — мы яго называем цяпер iнтэгральным нацыяналiзмам — вельмi моцна дае знаць аб сабе ў часе вайны і пасьля вайны.

Гэта быў пэрыяд актыўнай палiтычнай барацьбы, пад уласнымi лёзугамi, зь велізарнай ахвярнасьцю — вы ж ведаеце, што першым запаветам украiнскiх нацыяналiстаў было «здабыць украiнскую дзяржаву або загiнуць у барацьбе за яе». Гэтымi iдэямi былi ахоплены нават звычайна пасiўныя групы насельнiцтва. I з такiм багажом яны ўвайшлi ў Савецкi Саюз.

Усходняя частка Ўкраiны ўвайшла ў СССР з багажом досьведу калектывiзацыі, голаду, рэпрэсiяў, замбаваньня савецкай iдэалёгiяй. Тая, другая палова Ўкраiны была ўжо гатовая да таго, што зь яе пачалi ляпiць пасьля вайны, гатовая да таго, каб стаць саўкамi. Гэта не выключае квазыдысыдэнцкiх настрояў, непрыманьня савецкага ладу, але гэта звычайны інтэлігенцкі насмарк, а ня той сур’ёзны супрацiў рэжыму, да якога быў гатовы Захад. I таму, як толькi пачалася перабудова, Захад выйшаў ладзiць знакамiтыя пiкеты на Краснай плошчы за легалiзацыю грэка-каталiцкай царквы. Рух пачаўся з Захаду, i гэта заканамерна.

«НН»: Дык цi ёсьць цяпер раскол?

НЯ: Пытаньне далiкатнае. Каб адказаць на яго, трэба строга дамовiца пра тэрмiны. Што вы ўкладаеце ў панятак расколу? Бо гэта — слова небясьпечнае.

«НН»: Скажам, цi адчуваюць сябе грамадзянамі Ўкраiны большасьць яе жыхароў?

НЯ: Такога расколу няма. Гэтыя дзiўныя хлопцы, зь не зусiм iнтэлiгентнымi, мякка кажучы, тварамi, якiх выдаюць за шахцёраў, на самай справе, вiдаць, звычайныя расканваяваныя зэкi; яны таксама называюць сябе грамадзянамi Ўкраiны, i падобна да таго, што яны ня хлусяць. Яны таксама адчуваюць сябе ўкраiнцамi. Яны нам ня вельмi падабаюцца, але брата цi сястру не выбіраюць. За гэтыя гады незалежнасьцi ўсе звыклiся адчуваць сябе ўкраiнцамi — ня кожны гэтым ганарыцца, але ўсе iдэнтыфiкуюць сябе зь дзяржавай Украiнай.

«НН»: Можа, гэта раскол паводле ўяўленьняў пра палiтычны лад дзяржавы?

НЯ: Людзi, якiя галасуюць за Януковiча, менш за ўсё думаюць пра палiтычны лад. Яны даволi туманна ды стыхiйна яго адчуваюць. Хутчэй, гаворка ідзе аб тым, цi iсьцi нам разам з СНД, цi iсьцi разам з Захадам. Але тое, што мясцовыя рады на ўсходзе жадаюць «аддзялiцца», не азначае, што гэтага ж жадае i народ. Рады ў «чырвоных» абласьцях, як Данецкая, Луганская ды Запароская, не зьяўляюцца выбранымi ў строгiм сэнсе гэтага слова. Гэта цi самi алiгархi, цi купленыя iмi палiтыкi. Што да заяваў пра заснаваньне аўтаномных утварэньняў, дык я схiльна думаць, што гэта проста казырная карта, якую выцягваюць з рукава з мэтай пабiць iншую казырную карту, а не сапраўдныя пагрозы. Фiнансавыя iнтарэсы гэтых людзей — ва Ўкраiне.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Гутарыў Алесь Кудрыцкі, Кіеў

Натальля Якавенка — доктарка гiстарычных навук, прафэсарка, аўтарка фундамэнтальнага падручніка «Нарысы гісторыі Ўкраіны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0