Замежныя выданьні пра падзеі ва Ўкраіне

«Эўропа ўпала тварам у балота»

Прыбалты з палякамі ў шоку ад палітычнай сьлепаты Брусэлю. Квасьнеўскі і Адамкус не даверылі пасрэдніцтва ў Кіеве Хаўеру Саляну.

Ну нарэшце ён такі паехаў у Кіеў, наш эўрапейскі шэф-дыплямат Хаўер Саляна. Хоць, зважаючы на той шалёны ціск, які аказвае Расея на ўкраінскія выбары, сьцяг Эўропы ён меў бы падняць там яшчэ некалькі тыдняў таму. Але Саляна, які так часта бываў у Пуціна, паехаў спачатку ў Рамалах на Блізкі Ўсход. Правільна, Эўропу Ўкраіна не хвалюе? Прыбалты з палякамі ў шоку ад палітычнай сьлепаты Брусэлю.

Дзіва, што ні Квасьнеўскі, ні Адамкус не даверылі пасрэдніцтва ў Кіеве пану Вярхоўнаму камісару з Брусэлю.

Рэвалюцыі зьдзяйсьняюцца неспадзявана. Размах народнага паўстаньня, грамадзянскі дух і ахвярнасьць украінскай апазыцыі ўражваюць. Але ж сытуацыя была прадказальнай. Са стопрацэнтнай імавернасьцю чакалі фальсыфікацыі вынікаў і масавых пратэстаў.

Амэрыканцы папярэдзілі Маскву пра палітычны фол. Эўропа ж змаўчала. Шмат у якіх яе сталіцах Украіну, як і лукашэнкаўскую Беларусь, адносяць да сфэры ўплыву Масквы і лічаць такі стан рэчаў вельмі зручным. Як нам растлумачылі ў ведамстве фэдэральнага канцлера, Эўропа ўстрымалася, каб не ўзмацняць «грузінскай траўмы» расейцаў.

Маркус Вэнэр — маскоўскі карэспандэнт «FAZ»

«Франкфуртэр альгемайнэ цайтунг» — уплывовая кансэрватыўная нямецкая газэта.

***

Як нам легітымізаваць Юшчанку

Без абурэньня грамадзян з нагоды нахабнага парушэньня іх выбарчага права ня здарылася б таго, што цяпер ужо здарылася.

Але нелігітымнасьць Януковічавай перамогі ў другім туры, пацьверджаная ЦВК яе адмовай разглядаць скаргі аб парушэньнях і фальсыфікацыях, зусім не азначае легітымнай перамогі Юшчанкі.

Да гонару каманды Юшчанкі і яго самога, р-р-рэвалюцыйныя настроі часткі яго акружэньня з нагоды абвяшчэньня яго прэзыдэнтам былі ўтаймаваны. Юшчанка падзякаваў сьпікеру Літвіну, які папярэдзіў пра сымбалічнасьць прынесенай прысягі.

Юшчанка гатовы да перавыбараў. Гэта зь яго боку дэманстрацыя ўпэўненасьці ў бясспрэчнай перамозе, якую ён, відавочна, хоча даказаць усяму сьвету таксама як форму пераканаўчай легітымізацыі сваёй будучай улады.

Нацыя рэкорднымі тэмпамі аднавіла свае натуральныя каштоўнасьці, якія супадаюць з агульначалавечымі, і проста памножыла іх на сваю адукаванасьць, стараннасьць ды волю да перамогі. І калі крыніца ўлады зрабіла сваё волевыяўленьне, то гэта — не рэвалюцыя зь яе ідэалістамі, фанатыкамі і нягоднікамі. Гэта — выбары.

Ірына Пагарэлава

«Украінская праўда», www.pravda.com.ua — Інтэрнэт-газэта, апазыцыйная да Кучмы-Януковіча, першым рэдактарам якой быў забіты пры нявысьветленых абставінах Георгі Гангадзэ.

***

Беларусь і ўкраінская справа

Ход беларускай рэфэрэндумнай кампаніі стаў сыгналам трывогі: калі міжнародная грамадзкасьць нічога ня зробіць, Украіну спаткае доля Беларусі.

Першы тур выбараў ва Ўкраіне адбываўся неспадзявана спакойна, парушэньні выбарчага права трапляліся, але ня сталі масавымі. Адной з прычын стала неспадзявана велічэзная колькасьць замежных наглядальнікаў (звыш чатырох тысяч) ды журналістаў (пад тысячу). Калі яшчэ ў верасьні на Эканамічным форуме ў Крыніцы Барыс Тарасюк сказаў, што для належнага маніторынгу ўкраінскіх выбараў спатрэбіцца сама меней чатыры тысячы наглядальнікаў, здавалася, што гэта нерэальна. І, магчыма, гэтых наглядальнікаў сапраўды не было б, калі б не беларускія выбары. Ход беларускай рэфэрэндумнай кампаніі стаў сыгналам трывогі: калі міжнародная грамадзкасьць нічога ня зробіць, Украіну спаткае доля Беларусі. Украінская дэмакратыя патрабавала падтрымкі міжнароднай грамадзкай думкі і атрымала яе. Чатыры тысячы наглядальнікаў літаральна з усяго сьвету сустрэліся 31 кастрычніка над Дняпром. Гэта і яны не дазволілі «ўкрасьці» ўкраінскія выбары.

Багуміла Бердыхоўская

«Крытыка» — інтэлектуальны месячнік, выходзіць у Кіеве.

***

Пуцін і фальсыфікацыі — у адным шэрагу

Выбарчую кампанію Юшчанкі фінансавалі многія, і ўсё б нічога, але ён зьдзейсьніў адну вялікую памылку — скарыстаў фінансавую дапамогу Барыса Беразоўскага.

«Дни.Ру» апублікавалі стэнаграму выступленьня палітоляга Марата Гельмана на пасяджэньні клюбу «Адкрыты форум» у маскоўскім гатэлі «Арарат Парк Хаят». М.Гельман уваходзіў у групу палітолягаў, якія дапамагалі В.Януковічу.

— Чаму Пуцін так актыўна дапамагаў Януковічу?

— Гаворка ішла пра непрымальнасьць Юшчанкі. І тут, акрамя агульнапрынятых меркаваньняў, ёсьць адно важнае асабіста для Пуціна. Выбарчую кампанію Юшчанкі фінансавалі многія, і ўсё б нічога, але ён зьдзейсьніў адну вялікую памылку — скарыстаў фінансавую дапамогу Барыса Беразоўскага. А зь Беразоўскім у Пуціна ўласныя рахункі. Сур’ёзны аргумэнт? Гледзячы для чаго. Маштаб міжнародных праблем, зьвязаных з сытуацыяй ва Ўкраіне, несупастаўна большы. Маштаб падачак, якія мы яшчэ зробім, каб дапамагчы Януковічу-прэзыдэнту, калі ён ім стане, будзе вялікі. А страта даверу насельніцтва ў цэнтры Ўкраіны — незаменная.

Мы спалілі той рэсурс уплыву, які ў нас заўсёды быў, — маскоўскую патрыярхію, якая так актыўна ў апошні тыдзень узялася за кампанію. Дыскрэдытаваны найважнейшы легітымны інструмэнт уплыву ва Ўкраіне на карысьць Расеі. Гэта значыць Пуцін, РПЦ і фальсыфікацыі — у адным шэрагу.

— Як можа разьвівацца гэтая сытуацыя? Хто яе кантралюе?

— Ёсьць толькі адзін чалавек, які застаецца над сытуацыяй, — гэта Кучма. На гэтым узроўні барацьбы ўсё залежыць цяпер ад яго. Яму трэба прыгожа пайсьці і захаваць добрае да сябе стаўленьне ўсіх палітыкаў сьвету. Я называю гэта «рукападаванасьць». І мне відавочна, што для захаваньня твару Кучму выгадней здаць Януковіча.

Праўда, тут рацыянальныя довады могуць саступіць эмацыянальным. А менавіта — асабістая непрыязнасьць Кучмы і Юшчанкі. Юшчанка сабраў вакол сябе шмат ворагаў Кучмы.

Калі ж разьбіральніцтвы паміж бакамі і спадарожны ім стан няпэўнасьці зацягнуцца, дык тады пачнецца паступовае ператварэньне рэгіянальных эліт у суб’екты палітыкі. Іншымі словамі, пачнецца раскол краіны. У гэтай сытуацыі расколу ў Расеі зьявіцца хоць нейкая невялікая прастора для манэўру.

«Дні.Ру» — расейскае інтэрнэт-выданьне.

***

Кантрольны званок

Ва Ўкраіне ўдаецца дасягнуць таго, што ніяк не выходзіць у Расеі, — яднаньня нацыяналізму і прагі свабоды.

Палітычна актыўная Ўкраіна — з апазыцыяй, палітычна пасіўная Ўкраіна — ні з кім. Актыўная частка народу хоча перамен, ёй абрыд «карумпаваны рэжым».

Тое, чаму можна толькі пазайздросьціць, седзячы ў Маскве, — актыўнасьць і спакой добразычлівага натоўпу. Так, людзкія хвалі, шторм. Але мяккі шторм, не агрэсіўны. «Рэвэ та стогнэ Дніпр шырокый», — але злобы няма. У нас нічога падобнага не было ні ў 1993 г., калі натоўп кінуўся штурмаваць мэрыю і Астанкіна, зьбіваць «палонных», схопленых у мэрыі, ні ў 1991.

Так, ва Ўкраіне — куды больш сьпелае грамадзтва. Адна з прычын тая, што ва Ўкраіне (як у 1990—1991 ва Ўсходняй Эўропе і Прыбалтыцы) удаецца дасягнуць таго, што ніяк не выходзіць у Расеі, — яднаньня нацыяналізму і прагі свабоды.

Палітычнае кіраўніцтва Расеі церпіць ва Ўкраіне найбуйнейшае паражэньне за ўсе апошнія гады.

Зрабіць стаўку «не на таго», дэманстраваць сапраўды імпэрыялістычную высакамернасьць, лезьці ў чужы манастыр са сваім статутам — ды яшчэ як лезьці! З нагамі! У гэтым — уся расейская палітыка. Імпэрская пагарда да «ўсялякіх там украін-грузій».

І нарэшце мана. Абсалютная мана, якую ТБ ліе ў вочы расейскаму гледачу, — паўбяды. Бяда ж у тым, што самі ўлады заблыталіся ва ўласнай мане, самі ня ведаюць, дзе хлусяць, дзе кажуць праўду. Тая самая мана, у якой патанулі ў Беслане.

Украіна — кантрольны званок. Няхай расейская ўлада не хвалюецца так моцна пра братоў-украінцаў — яны самі дадуць сабе рады. Але хай паглядзіць НА СЯБЕ ва ўкраінскае люстра. Дробная карысьлівасьць тлустых зладзюг. Падлізьніцтва. Некампэтэнтнасьць. Абсалютная, інтэгральная мана. І вось з гэтымі хохмамі мы едзем у Адэсу?..

Леанід Радзіхоўскі

«Незавісімая газэта» — расейская штодзённая газэта, стаіць на лібэральна-кансэрватыўных пазыцыях.

***

Слава Ўкраіне!

Я ў Кіеве. Я бачыў радасны горад. Я бачыў плошчу, запоўненую людзьмі ў аранжавых шаліках і куртках, і людзей гэтых было столькі, што мне не ставала позірку ахапіць іх. І я маліўся Богу, каб ён дазволіў мне пражыць тую пару гадоў, якія патрэбны, каб убачыць у Маскве тое, што я бачу ў Кіеве.

Я бачыў машыны, якія едуць па горадзе і сыгналяць у такт лёзунгу «Юшчанка! Юшчанка!». Ня толькі ў цэнтры, але і на любой вуліцы, гэта значыць не для таго, каб павітаць прыхільнікаў, а проста для сябе ад радасьці. А на дахах машын сядзяць людзі, размахваюць сьцягамі і таксама крычаць.

Гэты народ, гэтыя юнакі і дзяўчаты, гэтыя дзеці і старыя — іх больш, чым у сваіх самых сьмелых фантазіях можа ўявіць міністар ці прэзыдэнт Расеі, калі вымаўляе слова «народ». У іх хрупкія целы, але непахісны дух.

Віктар Юшчанка з уласьцівай яму мяккасьцю і кампраміснасьцю можа пайсьці на перагаворы зь Леанідам Кучмам ці з прадстаўнікамі Расеі, але Майдан ня прыме перагавораў. Людзі ня пойдуць з Майдану, пакуль Віктар Юшчанка ня стане прэзыдэнтам Украіны, таму што справа ня ў Віктару Юшчанку, справа ў свабодзе.

Я зайшоў ненадоўга ў гасьцініцу напісаць гэтую калёнку, а за вокнамі ў мяне раве радасны горад. Я сяджу ў нумары і баюся, што якая-небудзь гніда ў Маскве аддасьць загад страляць.

Але зараз я дапішу, выйду на Майдан і перастану баяцца.

Валеры Панюшкін

«Газэта.ru» — лібэральная расейская інтэрнэт-газэта.

***

Расея сябе маргіналізавала

У пасьлявыбарчым працэсе Расея ня ведае, як выблытацца з сытуацыі, у якую яна сама сябе паставіла. Цяжка сказаць, ці была адсутнасьць расейскіх пасярэднікаў на перамовах умоваю Эўразьвязу і толькі пасьля ён саступіў ціску Леаніда Кучмы. Прэс-сакратар расейскага МЗС ужо прызнаў, дарэчы, што ў выпадку адмены вынікаў выбараў Расея «нічога ня зможа зрабіць».

Мадлен Ватэль

«Монд» — уплывовая штодзённая газэта. У замежнапалітычных ацэнках блізкая да «Ке-д’Арсэ» — фрацускага МЗС.

***

Трэ было дзейнічаць мацней

Сяргей Караганаў, рэдактар часопісу «Расея ў глябальнай палітыцы»

Мы мелі права аддаваць перавагу аднаму з кандыдатаў. Але наша падтрымка нагадвала камэрцыйную апэрацыю і рабілася так, што не магла ня выклікаць раздражненьня. Зразумела, мы ня ведалі і не хацелі ведаць, што адбываецца ва Ўкраіне, адпаведна мы зрабілі няправільныя высновы. Гэта ня значыць, што я ня згодны з нашым умяшаньнем, нягледзячы на тое, што яно было меншым у параўнаньні з умяшаньнем нашых заходніх партнэраў ці супернікаў.

«Расійская газэта» — урадавае выданьне Расеі.

***

Гетмана робіць натоўп, а не Вашынгтон

Апошні тыдзень у Кіеве распаліў уяву сусьветных СМІ наконт аднаўленьня супрацьстаяньня Расеі й Захаду. Кожную раніцу ў цэнтры Кіева зьбіраўся натоўп, наэлектрызаваны бруднымі фальсіфікацыямі, якія адабралі прэзыдэнцтва ў фаварыта Захаду Віктара Юшчанкі. Асабліва настроі радыкалізаваліся, пасьля таго як урад прызнаў свайго прэм’ера Януковіча пераможцам. Гэта пратэст ня столькі супраць амэрыканскага ці расейскага кандыдата, колькі супраць дванаццаці гадоў дрэннага кіраваньня. І гэты факт нашмат важнейшы, чым тое, што Юшчанка мае моцныя сувязі з Вашынгтонам (а гэта праўда) ці што дзярждэп ЗША ўклаў мільёны ў кампанію «За свабодныя выбары» (таксама праўда), якая на самай справе магла паспрыяць толькі апазыцыі.

Гетмана робіць натоўп, а не Вашынгтон. На самой справе, праграмы двух Віктараў мала розьняцца. Абодва, напрыклад, маюць вывесьці кантынгент з Іраку. Галоўнае адрозьненьне — Юшчанка больш рыначны, а Януковіч аддае перавагу каманднай эканоміцы савецкага ўзору.

Тым ня менш, кампанія супраць Юшчанкі працягваецца ў заходнеэўрапейскай прэсе, якая гаворыць пра нацыяналістычныя настроі на Храшчаціку. Толькі стоячы ў цэнтры Кіева сярод нармальна хаатычнага, часта хмяльнога, але мірнага натоўпу, не адчуваецца экстрэмізму.

Існуе таксама дзіўнае перакананьне, быццам Украіна, акупаваная ці кантраляваная Масквой з XVII ст., ня мае права на незалежнасьць альбо што праўкраінская рыторыка Юшчанкі нясе пагрозу «нацыяналізму». Няўжо быць украінцам — гэта так дрэнна? Этнічныя татары ў Крыме, здаецца, так ня думаюць. Яны падтрымалі Юшчанку. Весткі пра аграмадную папулярнасьць Януковіча была значна перабольшаныя. Адзіную рэальную падтрымку ён мае толькі ў шахцёраў, якія баяцца, што Юшчанка зачыніць старыя, небясьпечныя шахты (ён хутчэй за ўсё гэта зробіць, і правільна зробіць).

Паліттэхнолягі і журналісты Януковіча распаўсюджвалі рапарт Брытанскага Хельсынскага камітэту па правах чалавека, які супярэчыць пазыцыі большасьці краін, апроч Кітаю, Расеі, Беларусі і краін Цэнтральнай Азіі, што выбары былі чэснымі. Толькі Майдан Незалежнасьці дае іншы досьвед. Для большасьці людзей — гэта першы смак сапраўднага самавызначэньня. Тое, што нехта на Захадзе ня верыць у іх, іх зусім не кранае.

Нік Пэйтан Уолш, маскоўскі кар. газэты з Кіева

***

Хто такі Лафлэнд?

У суботу, 27 лістапада, чалавек па імені Джон Лафлэнд выступіў на старонцы камэнтароў і пошты газэты «The Guardian» у абарону «вынікаў» выбараў ва Ўкраіне, і дзівосным чынам менавіта ягоны артыкул працытавалі ўсе пуцінскія, кучмаўскія і лукашэнкаўскія СМІ. Хто такі гэты Лафлэнд? На гэтае пытаньне адказвае карэспандэнт самой «Гардыян» у аўторак, 30 лістапада.

Самы моцны бок Лафлэнда заключаецца ў тым, што ён бачыць тое, чаго, здаецца, не заўважае ніхто іншы на Захадзе. Там, дзе рэпарцёры ў Кіеве, уключаючы ўласнага карэспандэнта «The Guardian» Ніка Ўэлша, сустракаюцца з сапраўды дэмакратычным рухам, Лафлэнд сутыкаецца з «нэанацыстамі». І калі большасьць аглядальнікаў паведамляюць пра канкрэтныя выпадкі сур’ёзных электаральных махлярстваў і парушэньняў з боку прыхільнікаў дзеючага прэм’ер-міністра, Лафлэнд скардзіцца толькі на сыстэматычную перадузятасьць супраць (трэба меркаваць, ні ў чым не вінаватага) пана Януковіча.

Пошук у Інтэрнэце дазваляе высьветліць, што гэты шаблён характэрны для Лафлэнда ў апошнія некалькі гадоў і пашыраецца на цэлы шэраг краін. Лафлэнд рознымі спосабамі ставіць пад сумненьне думку пра тое, што правы чалавека ўяўляюць сабой праблему ў Беларусі ці што сэрбы моцна лютавалі ў Косаве.

У артыкуле ў «The Guardian» ён выступіў пад абліччам прадстаўніка Брытанскай Хельсынскай праваабарончай групы (BHHRG). Заснаваная ў 1992 г., BHHRG пасылае сваіх наглядальнікаў на выбары і рыхтуе даклады, у якіх — прыблізна ў духу Лафлэнда — амаль нязьменна аспрэчваюцца вывады іншых, больш вядомых праваабарончых арганізацый. Праз гэта на адрас BHHRG выказвае крытыку Міжнародная Хельсынская фэдэрацыя па правах чалавека, якая заяўляе, што BHHRG лічыць за лепшае «іграць піяраўскую ролю «пасткі» для адцягваньня агню крытыкі ад эўрапейскіх аўтарытарных правіцеляў новага пакаленьня», замест таго каб ажыцьцяўляць рэальны маніторынг іх злоўжываньняў.

Я нічога ня ведаю пра фінансавыя справы BHHRG, але сьлед вядзе нас да «Sanders Research Associates», «кансалтынгавай фірмы па рызыках», у працы якой, як сказана на яе вэб-сайце, рэгулярна ўдзельнічае Лафлэнд. «Кіраўніком» гэтай фірмы выступае Крыс Сандэрс. Выказваньні Лафлэнда па Ўкраіне не зьяўляюцца самымі ўражальнымі асаблівасьцямі «Sanders Research Associates». Тут пальму першынства трэба аддаць паведамленьню пра Руанду, напісанаму для гэтай фірмы канадзкім журналістам па імені Крыс Блэк. Блэк — адзіны чалавек з усіх, каго мне давялося бачыць, хто бярэ ў двукосьсі слова «генацыд» у дачыненьні да падзей у Руандзе. Руанда, ці бачыце, была цалкам на сумленьні Злучаных Штатаў Амэрыкі, і ў любым разе гэта не было справай рук племені хуту.

Блэк таксама ўзначальвае юрыдычную камісію Міжнароднага камітэту па ахове Слабадана Мілошавіча. Блэк езьдзіў у складзе дэлегацыі ў Паўночную Карэю. Справаздача, якую ён напісаў па вяртаньні, поўная спасылак на шчасьлівых сялян і адданых рэжыму салдат. Ён выказаў меркаваньне, што паўночнакарэйская сыстэма шмат у якіх адносінах больш дэмакратычная, чым парлямэнцкія сыстэмы на Захадзе.

Гэта дзіўная кампанія. Мне здаецца, што Лафлэнд і яго прыяцелі ўяўляюць сабой групу правых лібэртарыянцаў-антыдзяржаўнікаў, якія нейкім чынам трансфармаваліся ў абаронцаў самых дрэнных рэжымаў і самых жахлівых дыктатараў нашай плянэты.

«Гардыян» — левалібэральная брытанская газэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0