Лукашэнкаўскія палітычныя кампаніі — цяжкое выпрабаваньне для кіраўнікоў ягонай адміністрацыі. Урал-авой ня вытрымаў перанапругі. Ён сыходзіць. З ордэнам Дружбы Народаў і, як намякае, у бізнэс. У органах улады і КДБ ён больш ніколі працаваць ня будзе, гэта перагорнутыя старонкі, — заявіў ён у інтэрвію «Народнай волі». Мо ён стане першым «чэсным» беларускім алігархам? Ходзяць чуткі, што ён можа заняць высокую пасаду ў кампаніі «Лукойл». Тады ён, трэба думаць, нарэшце перасядзе з сваёй знакамітай бардовай «сямёркі» на сучасны легкавік. Блізкія да яго супрацоўнікі адміністрацыі пашанотна называлі яго «Ўрал-авой», што па-татарску значыць дзядзька Ўрал. Ураджэнец Бышкірыі Латыпаў дысцыплінавана выкарыстоўваў свой унікальны як для беларускага чыноўніка інтэлектуальны патэнцыял на службе аўтарытарнаму рэжыму.

Беларусь, бадай, адзіная краіна сьвету, дзе найвышэйшыя дзяржаўныя пасады даступныя выхадцам зь іншых краінаў, якія да таго ж не авалодалі мовай карэннага насельніцтва. «Беларусь застаецца ў мяне ў сэрцы. Гэта сапраўды белая чыстая Русь. Яна застаецца акурат такой, а мы бачым, што робіцца навокал», — заявіў ён на разьвітаньне. Трэба разумець, зараз ён будзе працаваць у іншай краіне.

Выпадкова ці не выпадкова, але пасьля рэфэрэндуму сышлі зьвязаныя з Расеяй Ерын і Латыпаў, а сярод новых прызначэнцаў — два ўраджэнцы Заходняе Беларусі. Віктар Шэйман, цяпер кіраўнік адміністрацыі, вырас на гістарычнай Віленшчыне (Салтанішкі Воранаўскага раёну).

Новы генэральны пракурор, а раней намесьнік старшыні Вярхоўнага Суду Пятро Міклашэвіч нарадзіўся ў вёсцы Касута на Вялейшчыне, а пачынаў кар’еру на Гомельшчыне.

Пра асабістую прынцыповасьць новага генпракурора ў інтэрвію радыё «Свабода» высока адзываюцца ягоныя былыя калегі.

Фігура В.Шэймана асабліва непрымальная эўрапейскае супольнасьці. У дакладзе Хрыстаса Пургурыдэса праводзілася думка пра ягоную магчымую датычнасьць да асабліва цяжкіх злачынстваў. Пра палітычныя погляды В.Шэймана сьведчыць ягоны выбар прэс-сакратара ў пракуратуры. Гэтую сынэкуру пры В.Шэйману заняў сумна вядомы рэжысэр Азаронак.

Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0