На апошняй рэспубліканскай нарадзе па кадравых пытаньнях ужо былы кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрал Латыпаў абнародаваў устаноўку на амаладжэньне кіруючых кадраў. У прыватнасьці, ён адзначыў, што кіраўнікі ва ўзросьце 30—35 гадоў сьмялей бяруць на сябе тыя ці іншыя дзяржаўныя рашэньні. І зьявіліся 30-гадовыя кіраўнікі замежных дыпмісій і іншых дзяржструктур. Гэтая ўстаноўка знайшла сваё адлюстраваньне і ў нядаўнім кадравым прызначэньні. Прэзыдэнт сваім указам назначыў 32-гадовую Натальлю Пяткевіч намесьніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, вызваліўшы яе ад пасады прэс-сакратаркі прэзыдэнта.

Выпускніца юрфаку БДУ пачала сваю кар’еру ў прэзыдэнцкіх структурах у 1994 г. Да дзяржаўнай службы яе прыцягнуў у той час вядомы ў атачэньні Лукашэнкі юрыст Аляксандар Пласкавіцкі, які ўзначальваў Галоўнае дзяржаўна-прававое ўпраўленьне прэзыдэнцкай адміністрацыі. Спн.Пяткевіч сем гадоў займала ў гэтай структуры пасады ад вядучага спэцыяліста да начальніка ўпраўленьня дзяржаўнага і міжнароднага правоў. Стала кандыдатам юрыдычных навук. У 2001 г. пасьля актыўнага ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі прэзыдэнта Лукашэнкі была прызначана ягонай прэс-сакратаркі. Праўда, тады некаторыя больш адзначалі наяўнасьць іншага актывіста перадвыбарчага штабу Лукашэнкі — ягонай асабістай лекаркі Ірыны Абельскай. Разам з прэзыдэнцкім памочнікам Уладзімерам Макеем і сэнатарам Мікалаем Чаргінцом яна апавядала па тэлевізары аб праграме свайго прэзыдэнта. А Натальля Пяткевіч, трэба меркаваць, забясьпечвала юрыдычную чысьціню гэтай праграмы.

Людзі, якія ведаюць яе, нязьменна адзначаюць у Пяткевіч мэтанакіраванасьць, адукаванасьць і ўменьне выказваць тыя ці іншыя думкі. Наяўнасьць у атачэньні прэзыдэнта жанчын-спэцыялістаў спараджала ў чыноўнага люду рознага кшталту чуткі, якія імі і заставаліся. Як і чуткі аб тым, што Натальля Пяткевіч (прозьвішча ў дзявоцтве Краўчанка) зьяўляецца ледзь не пляменьніцай першага міністра замежных спраў сувэрэннай Беларусі і былога пасла ў Японіі Пятра Краўчанкі.

Бацька Натальлі Пяткевіч — вядомы ў Менску лекар-стаматоляг і зь нядаўняе пары дэпутат гарсавету, а маці — настаўніца.

Натальля Пяткевіч увесь час падкрэсьлівае сваю адданасьць сям’і. Яна даволі рана ўзяла шлюб і да сваёй дзяржаўнай службы разам з мужам удзельнічала ў шэрагу праектаў па аказаньні юрыдычнай дапамогі ў сфэры міжнароднага права некаторым грамадзкім арганізацыям. Але гэта было ў дапрэзыдэнцкі час.

Зьяўленьне новай прэс-сакратаркі ў прэзыдэнта сьпярша выклікала натуральную цікавасьць у журналістаў. З папярэднікам Пяткевіч журналістам працавалася даволі няблага, назіраліся адпаведны кантакт і субардынацыя. А вось з прыходам Натальлі Пяткевіч запанавала жорсткае стаўленьне да журналістаў, асабліва заходніх СМІ. Таму яе празвалі прэс-дамай.

Напрыклад, калі прэзыдэнт вырашыў наведаць у больніцы алімпійскую чэмпіёнку Юлію Несьцярэнку, ягоная прэс-сакратарка ў даволі жорсткай форме забараніла здымаць гэту сцэну карэспандэнту агенцтва «Reuters». Сваім калегам ён потым расказваў, як яму давялося нечакана пачуць на адрас свайго агенцтва непрынадную характарыстыку. Чый імідж выйграў ад такога стаўленьня — зразумець нескладана. А галоўнай задачай прэс-сакратаркі прэзыдэнта зьяўляецца падтрыманьне станоўчага іміджу свайго гаспадара. І гэта быў не адзіны выпадак такога кшталту.

А ўжо як спадарыня Пяткевіч «прасавала» супрацоўнікаў беларускай тэлевізіі, дык яны дасюль забыць пра гэта ня могуць. Яна настойліва раіла тэлеспэцыялістам «не мудраваць» і ўладна, напрыклад, кіравала ўстаноўкай сьвятла, дэкарацый і г.д. Для прэс-сакратаркі, якая не гаварыла па-беларуску, такія паводзіны былі настолькі натуральнымі, што пасьля пасадкі за краты 30-гадовага Ягора Рыбакова на вуліцы Макаёнка сталі казаць пра новага начальніка БТ, якім можа стаць Натальля Пяткевіч. І яе з хваляваньнем нейкі час там чакалі, ведаючы, што яна крэатура кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрала Латыпава.

Яе «сваталі» і на месца звольненага з пасады міністра інфармацыі Міхаіла Падгайнага. Чаго толькі вартыя некаторыя яе ўказаньні «Советской Белоруссии», на якія канкрэтна старонкі ставіць тыя ці іншыя матэрыялы. Карацей, уплыў прэс-дамы на сфэру прапаганды ўзрастаў. І «птушанятка» высьпела. Відавочна, што Латыпаў выкарыстоўваў устойлівую думку прэзыдэнта аб неабходнасьці вылучаць на кіруючыя пасады жанчын.

Паводле некаторых зьвестак, у якасьці альтэрнатыўнай фігуры разглядалася іншая жанчына — Ніна Шпак, дырэктарка Інстытуту сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Аднак, відаць, Латыпаў здолеў пераканаць кіраўніка дзяржавы ў неабходнасьці пакінуць за яго новай намесьніцай пытаньні ўдасканаленьня заканадаўчай базы краіны, каардынацыі дзейнасьці падсправаздачных прэзыдэнту дзяржаўных органаў у галіне права, узаемадзеяньня прэзыдэнта з органамі судовай улады.

Шматабяцальнай уяўляецца яшчэ адна сфэра, падсправаздачная спн. Пяткевіч. У адрозьненьне ад свайго невалявога папярэдніка, Пяткевіч будзе актыўна дапамагаць сьпікерам абедзьвюх палат парлямэнту пісаць законы і ўдасканальваць заканадаўчую базу. Як вядома, не чужы ёй і «прэсінг». Вельмі магчыма, што на гэтым шляху заканатворчасьці ў новай намесьніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта будуць узьнікаць міжасабовыя калізіі з новым сьпікерам ніжняй палаты парлямэнту. А яе выканаўчасьць і прыхільнасьць да жорсткага стылю ў працы цалкам сугучныя з разуменьнем працы зь людзьмі новага кіраўніка Адміністрацыі Віктара Шэймана. Спрацуюцца.

Раман Якаўлеўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0