Мова і «язык»

У Віцебскай вобласьці па-беларуску навучаецца 34 711 вучняў або 21,5% ад усяе колькасьці вучняў у вобласьці. Ёсьць тры беларускамоўныя гімназіі — у Полацку, Глыбокім і Віцебску. Па-ранейшаму няма ніводнай беларускамоўнай школы ў родным горадзе Караткевіча Воршы. Цяпер пэўныя надзеі на зьмены ўскладаюцца на тое, што былая кіраўніца школьнае адукацыі ў горадзе стала дэпутаткай ППНС і цяпер мусіць пакінуць сваю пасаду ды зьехаць на новую працу ў Менск.

Сагравае вера

Да 1 кастрычніка павінны былі пракласьці цеплатрасу ад Аршанскай ЦЭЦ да цэнтру гораду. Але, як часта ў нас здараецца, перад працаўнікамі «Віцебскаблцеплабуду» паўстала шмат праблем: то, капаючы траншэю, наткнуцца на водаправодныя трубы, не пазначаныя на схемах, то зачэпяць розныя кабэлі або адкапаюць чалавечыя парэшткі (акрамя могільніку XVI—XVII ст., знайшлі асобна два чарапы 40-гадовага мужыны ды дзіцяці, якія сьледчыя пракуратуры датавалі 1930—1940-мі гадамі). Пачыналіся ўзгадненьні ды латаньне прабітых каўшом экскаватара трубаў. А час ішоў. Нарэшце, не хапіла «нейкіх» 100 мэтраў трубаў вялікага дыямэтру. Пакуль іх замаўлялі ды прывозілі з Калінінграду, прайшоў не адзін тыдзень. І вось зусім «нечакана» выпаў сьнег ды ўдарылі маразы. Траншэі ж так і засталіся незасыпанымі. Найбольш пацярпелі ад гэткай нядбайнасьці й безгаспадарчасьці служкі разьмешчанага побач зь цеплатрасай касьцёлу Сьв.Язэпа. Яны ды вернікі ўжо прызвычаіліся ў апошнія гады сустракаць Каляды ў неацепленым будынку касьцёлу, бо некалькі гадоў ідзе яго рэканструкцыя. Але раней можна было сагрэцца ў прыбудове да касьцёлу, дзе месьціцца кляштар. Цяпер жа і тут сьцюдзёна.

Яўген Жарнасек, Ворша

Баранавіцкі лёд

У Баранавічах будзе пабудаваны лядовы палац. Гэтак вырашыў Берасьцейскі аблвыканкам і пералічыў у гарадзкі бюджэт 50 млн рублёў на распрацоўку праекту. Для баранавіцкіх уладаў гэта было неспадзяванкай — дагэтуль невядома, дзе той палац стане. Акрамя ўласна лядовага палацу загадана будаваць побач іншыя спартовыя пляцоўкі, рэстарацыю і кіназалю.

Пра «хакейную пляцоўку» запыталася ў Лукашэнкі нейкая студэнтка падчас адкрыцьця Баранавіцкага ўнівэрсытэту. Той паабяцаў, што ў Баранавічах лёд будзе, і вось абяцанка пачала спраўджвацца.

Руслан Равяка, Баранавічы

Усе рэгіянальныя навіны чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0