Старшы апэратыўнік МУС і асабісты кіроўца Шэймана судзіцца з падпалкоўнікам МУС у запасе і ягоным сынам — былым апэратыўнікам і афіцэрам міліцыі.

На першае судовае пасяджэньне ў пятніцу падпалкоўнік МУС у адстаўцы Васіль Палунін прыйшоў са спартовым рыштункам — раніцаю ён гуляў у валейбол з прадстаўнікамі ГУУС, КДБ і пракуратуры. Адзін гулец зь ягонай каманды — першы намесьнік начальніка ГУУС Аляксандар Зыль — калісьці паспрыяў пераводу Палуніна-малодшага з раённага УУС у Менск. Аднак у гэтым выпадку сувязі не дапамаглі — на Палуніных заведзена крымінальная справа па ч.2 арт.208 (вымаганьне, зьдзейсьненае групай асоб па папярэдняй змове). Вэтэрану міліцыі і ягонаму сыну Івану, былому апэратыўніку, пагражае тэрмін зьняволеньня ад трох да васьмі год. У якасьці пацярпелага выступае Аляксандар Богдан – старшы апэратыўны супрацоўнік па асабліва важных справах МУС і асабісты кіроўца Шэймана.

Паводле высновы следзтва, Палунін-малодшы, калі працаваў у гарадзкім УУС па лініі незаконнага абароту наркотыкаў, 28 жніўня мінулага году наўмысна кінуўся пад аўтамабіль, каб «стварыць умовы для вымаганьня грошай», а потым разам са сваім бацькам шантажаваў бацьку вадзіцеля аўто — А.Богдана. Той зьвярнуўся ў КДБ, супрацоўнікі якога і затрымалі Палуніна-старэйшага адразу пасьля перадачы 1000 даляраў.

Слуханьні па гэтай справе распачаліся ў пятніцу, у панядзелак і аўторак прадоўжыліся. За амаль 20 гадзін суд дапытаў сьведакаў — былых калег і начальнікаў Палуніна-мал., даішнікаў, дактароў ды непасрэдных удзельнікаў падзей.

Першым на допыт судзьдзя Есьман выклікаў Палуніна-старэйшага. Вэтэран міліцыі відавочна хваляваўся — можа, таму адказваў няўпэўнена і эмацыйна: грошай ня браў і ня ведае, якім чынам яны трапілі да яго, аднак з Богданам-старэйшым сустракаўся, бо «кіраваўся бацькоўскімі пачуцьцямі».

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0