Уладзімер Парфяновіч адказвае на пытаньні карэспандэнта «НН» пра свой удзел у адбудове Верхняга гораду і дзеліцца сваімі развагамі наконт таго, што цяпер адбываецца паміж вуліцай Гандлёвай ды Гарадзкім Валам.
«НН»: Большасьць людзей ведаюць Вас як алімпійскага чэмпіёна ды палітыка. Аднак Вы таксама былі суўладальнікам фірмы «Білім». Чым яна займалася?
Уладзімер Парфяновіч: Фірма «Білім» стваралася ў 1998 г. менавіта для таго, каб узнавіць гістарычную забудову старога гораду. На гэтым полі ўжо працавала іншая кампанія — «Стары Менск». Але ў яе не ставала грошай ды інвэстараў, каб здужаць гэтую працу. Калі «Білім» прапанаваў сваё вырашэньне праблемы, Менскі гарсавет ды гарвыканкам перадалі 4 будынкі ў Верхнім горадзе ва ўласнасьць фірмы. Ды якія там будынкі — разваліны, нават сьценаў не было. У будынку, дзе цяпер чэская амбасада, стаяла толькі адна сьцяна, падпёртая чатырма палкамі. Мы спыталіся ў тагачаснага мэра Ярмошына: што зрабіць са сьцяной? Ён сказаў: зваліць.
Для адбудовы «Білім» адшукаў крэдыты на суму каля $2,5 млн. Акрамя непасрэдна будаўнічых работаў, фірма рэканструявала навакольную тэрыторыю, пабудавала дарогі, камунікацыі агульным коштам больш за $200 тыс. — інакш кажучы, выканала тое, што горад «наклаў» як умову для рэалізацыі гэтага праекту. Усе работы вяліся ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі Камітэту па ахове гістарычных помнікаў.
«НН»: Мабыць, немалую Вы выставілі арэнду за офісныя плошчы такой якасьці ды яшчэ ў гістарычным цэнтры.
УП: Так, арэндная плата, якую мы бралі, была нашмат большая за тую, якую браў горад у аналягічных месцах. Але ў дзяржбюджэт таксама ішлі высокія падаткі. Мы змаглі пераканаць прыйсьці ў Верхні горад Сусьветны банк, Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця, чэскае пасольства. Гэта была нашая праца з канкрэтнымі людзьмі. Гэта прыгожыя будынкі, там ёсьць нават дворык з фантанам. Усё гэта было зроблена спачатку на крэдыты, а потым на сродкі арандатараў. Працаваць было вельмі цяжка, бо над намі ўвесь час вісеў занесены меч «сацыялістычнай справядлівасьці», які, урэшце, нас рубануў: зьвяртаючыся да парлямэнту й ураду ў 2003 г., Лукашэнка падняў мэра Паўлава ды загадаў, каб ён адабраў усю ўласнасьць у гістарычнай частцы гораду.
Лукашэнка падмануў дэпутатаў, калі заявіў, нібыта мы ўзялі дамы ў дзяржавы ды здалі іх у арэнду. Прабачце, але тады чаму вы самі не здавалі іх у арэнду? Уся справа ў тым, што мы ўзялі разваліны, а пабудавалі дамы. Звычайная справа: нехта будуе гатэль ці офісы, здае ў арэнду ды зарабляе на гэтым грошы. Гэта нармальны цывілізаваны бізнэс, які існуе ва ўсіх краінах сьвету, акрамя Беларусі. Дакладней, ім тут могуць займацца толькі «прапрэзыдэнцкія» структуры.
Першым, ў каго адабралі будынкі, быў «Білім». Існуе, наколькі я ведаю, сакрэтнае распараджэньне прэзыдэнта, зь якім быў азнаёмлены Камянкоў, старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда, ды Тозік. Мне расказвалі, што Камянкоў ды Тозік азнаёмілі з распараджэньнем судзьдзяў, якія праводзілі судовае пасяджэньне, вынікам якога была «экспрапрыяцыя» будынкаў. Копіі гэтага распараджэньня захаваліся. У гістарычным цэнтры была незаконна ліквідаваная прыватная ўласнасьць, без аніякай кампэнсацыі ўладальнікам за тое, што яны адрэстаўравалі. Пасьля гэтага я выйшаў зь фірмы, бо зь «Білімам» так абышліся яшчэ й з-за мяне, з-за маёй пазыцыі ў парлямэнце.
«НН»: Каб Вас ня «выкінулі» зь Верхняга гораду, што б Вы там зрабілі?
УП: Фірма зьбіралася прыцягнуць інвэстыцыі ды аднавіць вуліцу Гандлёвую — гэта больш за 20 дамкоў, якія стаялі ўздоўж Сьвіслачы. На гэта спатрэбілася б вялікая сума — $20—30 млн, аднак у нас была магчымасьць знайсьці такія інвэстыцыі.
Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"
Гутарыў Алесь Кудрыцкі