— Галоўнае адрозьненьне паміж беларускай ды ўкраінскай сытуацыяй у тым, што ў Беларусі не сфармаваўся алігархічны плюралізм, — мяркуе вядомы ўкраінскі сацыёляг Мікола Рабчук. — У вас праблема зьменаў упіраецца ў аднаго чалавека.

«НН»: Вы нядаўна пабывалі зь лекцыямі ў Міляне, Парыжы, Варшаве. Як Вы адказвалі замежнікам на пытаньне пра тое, што адбываецца ва Ўкраіне?

Мікола Рабчук: Перш за ўсё, мне часьцяком даводзілася тлумачыць, што такое Ўкраіна. Для тых, хто гэта ўжо ведаў, я мусіў абвяргаць спрошчаны стэрэатып пра яе падзел на дзьве часткі. Насамрэч яна складаецца з многіх частак, але асноўны падзел — ідэалягічны: ёсьць Украіна, якая прагне ў Эўропу, да эўрапейскіх каштоўнасьцяў, і Ўкраіна, якую старая намэнклятура ўпарта чапляе за савецкія каштоўнасьці. Намэнклятуршчыкі зьлякаліся магчымых зьменаў ва Ўкраіне і, не без дапамогі цэнтральнай кіеўскай улады, намагаюцца зьберагчы рэшткі савецкага ладу. Мы маем дзяржаву, якая карыстаецца шантажом і ва ўнутранай, і ў замежнай палітыцы. Чарговы праект такога шантажу — прадставіць справу так, нібыта Ўкраіна расколваецца на дзьве часткі.

«НН»: Што ж на самай справе адбываецца? Што будзе далей?

МР: Нацыятварэньне набліжаецца да завяршэньня. У апошнія гады, месяцы і асабліва дні мы атрымалі калясальны імпульс нацыятворчай энэргіі. Паглядзіце на Храшчацік — гэта людзі розных нацыянальнасьцяў, якія гавораць на розных мовах, але іх аб’ядноўвае грамадзянская сьвядомасьць, яны нарэшце паверылі ў вольную краіну і маюць шанец яе здабыць. Любы прэзыдэнт, калі ён патрыёт, павінен марыць пра гэта — мець аб’яднаных, мабілізаваных грамадзян, якія жадаюць чагосьці дасягнуць. Прэзыдэнт Кучма ўсё сваё праўленьне пакутаваў у пошуках нацыянальнай ідэі: то казаў, што яна не спрацавала, то казаў, што ня можа яе знайсьці. Але ёсьць ужо такая ідэя, толькі трэба аб’ядноўваць, а не разьядноўваць людзей.

Недаацэньвалася разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці ва Ўкраіне, і я сам гэта недаацэньваў, бо бачыў, як цягам апошніх дзесяці год улада пасьлядоўна гэтую супольнасьць зьнішчала, насаджала цынізм — маўляў, нічога ня зьменіш. Але гэтая супольнасьць зьбераглася і гучна сказала сваё слова. Гэта вялікая неспадзяванка для ўсіх — і для ўладаў, і для Масквы, і для Эўропы. Мы ўсе недаацанілі ўкраінцаў — і гэта той выпадак, калі я страшэнна рады, што памыляўся. Сёньня на нашых вачах творыцца сучасная ўкраінская нацыя — не этнічная, а грамадзянская.

«НН»: Нават на Ўсходзе?

МР: Усход — раён праблемны. Там самагубчая індустрыя — неэкалягічная, састарэлая, зь ёю невядома, што рабіць. Дзякуючы Януковічу, мы маем на Ўсходзе таталітарны лад і таталітарную сьвядомасьць у вялікай колькасьці людзей, якія ня маюць ніякай альтэрнатыўнай інфармацыі. Хаця й асаблівага энтузіязму да ўладаў тыя людзі таксама не выяўляюць: яны проста пакорныя, слухаюцца таго, што кажа мясцовае начальства ды мафія. Штосьці падобнае ўжо было ў нашай гісторыі ў часе нацыянальна-вызваленчага змаганьня 1917—1920 г., калі з дапамогай Расеі там спрабавалі арганізаваць антыўкраінскія ўтварэньні накшталт Савецкай Данецка-Крывароскай Рэспублікі. І сёньня мы выразна бачым руку Масквы.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Гутарыў Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0