10.12.2004 / 13:00

Пісьменьнікі, на двор!

2 сьнежня СБП атрымаў ад Мінюсту папярэджаньне. Прычынай стала тое, што Берасьцейская абласная філія з чэрвеня 2001 г. не здае штомесячнай падатковай дэклярацыі. Гэта ўжо другое папярэджаньне арганізацыі, пасьля трэцяга Мінюст мае права падаць у суд заяву, каб зачыніць арганізацыю.Праблемы берасьцейскай філіі — тыповыя для СБП: грошай яна ня мае, у любы момант яе могуць выкінуць з офісу, які аплачвае аблвыканкам.Асноўная ж маёмасная праблема СБП — памяшканьні Дому літаратара. З 1997 г., калі будынак забрала Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, пісьменьніцкі саюз меў у доме, пабудаваным на грошы літаратараў, 1000 м2 кабінэтаў і бібліятэкі. Пасьля таго як старшынём арганізацыі ў 2002 г. стаў Алесь Пашкевіч, а не кандыдат ад Адміністрацыі прэзыдэнта, у СБП пачаліся праблемы. За арэнду памяшканьняў ГГУ запатрабавала плату ў памеры 10 эўра за 1 м2 — грошы, непад’ёмныя для творчага саюзу.

Два гады праблема не знаходзіла вырашэньня, а цяпер ГГУ заявіла, што «ў мэтах упарадкаваньня» забірае сабе памяшканьні Саюзу, пакідаючы толькі два пакоі, плошчай у 38 м2. Адзін з тых пакояў сёньня займаюць выканаўчыя органы Літфонду, якім сёньня кіруе генэрал-сэнатар Мікалай Чаргінец, у другім раз на тыдзень адбываюцца пасяджэньні літаб’яднаньня маладых творцаў ды месьціцца частка архіву СБП. Астатнія памяшканьні ГГУ пагражае ў любы момант канфіскаваць. Паводле зьвестак Саюзу, у пакоі старшыні СБП мае разьмясьціцца банкетная заля рэстарацыі.

У лік «пісьменьніцкага канфіскату» трапіла й актавая заля Дому літаратара: раней Саюз мог тут двойчы на месяц бясплатна ладзіць свае вечарыны. Пад забаронай апынулася нават прэзэнтацыя кнігі Генадзя Бураўкіна 2 сьнежня. Адбылася яна толькі таму, што абвесткі пра вечарыну былі распаўсюджаны загадзя.

ГГУ пагражае адабраць у Саюзу таксама бібліятэку й аддаць яе пэдунівэрсытэту. Паводле словаў намесьніка старшыні Саюзу Барыса Пятровіча, у патрабаваньнях ГГУ няма ні канкрэтызацыі, што ж, уласна, канфіскуецца: толькі памяшканьні ці й кнігі таксама, ні юрыдычных падстаў канфіскацыі бібліятэкі. Старшыня Саюзу А.Пашкевіч у гэтым месяцы знаходзіцца ў камандзіроўцы ў Нямеччыне.

Выйсьце зь фінансавага крызісу на сёньня пісьменьнікі бачаць у продажы дому адпачынку «Іслач». Ёсьць пакупнік, гатовы заплаціць Саюзу за будынак $400 тыс., пакінуць адзін катэдж, 2 га тэрыторыі й выдзяляць штомесяц 10 пуцёвак. За выручаныя ад продажу грошы пісьменьніцкая арганізацыя магла б набыць будынак у Менску, дзе разьмясьціліся б кіраўнічыя органы СБП і Літфонду. Разгледзець гэтыя прапановы мае агульны сход Літфонду, які кіраўніцтва абяцала правесьці пры канцы гэтага году ці на пачатку наступнага, калі юрысты падрыхтуюць адпаведныя дакумэнты. Загваздка ў тым, што грашыма ад продажу ў такім разе будзе распараджацца старшыня Літфонду.

Некаторыя пісьменьнікі бачаць у загадзе высяляцца спробу націснуць на пісьменьнікаў, каб дабіцца згоды на продаж «Іслачы», і зьвязваюць усе падзеі з асобай генэрала Чаргінца — адказнага «по пісателям».

Аркадзь Шанскі

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру