02.07.2007 / 22:10

У Менску зьявіліся мікрараён Брылевічы і вуліца Ігнатоўскага 3

Большасьць новых назваў ушаноўваюць дзеячоў беларускай культуры. Жэстам прымірэньня з Польшчай выглядае зьяўленьне ў сталіцы Беларусі вуліцы Ежы Гедройца.

Большасьць новых назваў ушаноўваюць дзеячоў беларускай культуры. Жэстам прымірэньня з Польшчай выглядае зьяўленьне ў сталіцы Беларусі вуліцы імя Ежы Гедройца.

29 чэрвеня дэпутаты Менгарсавету на 4-й сэсіі прынялі рашэньне прысвоіць назвы дзесяці вуліцам Менску.

Жылому мікрараёну Дружба-1,2,3, што будуецца на паўднёвым захадзе сталіцы, будзе дадзена найменьне Брылевічы-1,2,3. Гэта па назьве фальварку Брылевічы, вядомага па дакумэнтах XVI ст. Новаму мікрараёну каля Масюкоўшчыны даецца назва Дамброўка-3,4,5.

Вуліцам у гэтых раёнах даюць назвы відных беларускіх дзеячоў або знаных ураджэнцаў Беларусі. У Брылевічах вуліцы будуць насіць назвы Яна Чачота, Каралінская, Напалеона Орды, Ежы Гедройца.

Ян Чачот быў адным з удзельнікаў антырасейскага студэнцкага руху ХІХ ст., а пасьля праславіўся як пісьменьнік. Напалеон Орда — мастак, кампазытар, навуковец з ХІХ ст., які, нібы тытаны эпохі Адраджэньня, паядноўваў у сабе самыя розныя таленты. Магчыма, ён адначасова быў адным з каардынатараў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня.

У Дамброўцы пралягуць вуліцы Ўладзіслава Галубка, Язэпа Жыновіча, Усевалада Ігнатоўскага, Алеся Гаруна і імя сужэнства Аладавых.

Тэатрал Галубок і першы кіраўнік Акадэміі навук Беларусі Ігнатоўскі загінулі ў часы сталінізму. Імя паэта і рэвалюцыянэра Гаруна, які пасьля вяртаньня з царскай высылкі актыўна ўдзельнічаў у стварэньні вайсковых фармаваньняў Беларускай Народнай Рэспублікі, было ў савецкія часы пад забаронай, аж да 1980-х гадоў. Жыновіч (сапраўднае прозьвішча Жыдовіч) заслужыўся зборам беларускай песеннай спадчыны.

Вулічку Свабоды на Ўсходзе перайменуюць у вуліцу Зьмітра Гвішыяні, па імені курсанта-героя, які загінуў, гасячы пажар у цягніку.

Жэстам прымірэньня з Польшчай выглядае зьяўленьне ў сталіцы Беларусі вуліцы імя Ежы Гедройца. Народжаны ў Менску, Гедройц быў вялікім польскім інтэлектуалам ХХ стагодзьдзя, рэдактарам часопісу «Культура». Ён адным зь першых у польскім незалежным грамадзтве заклікаў адмовіцца ад прэтэнзій на Горадню і падтрымаць беларускі нацыянальны рух.

Мікола Бугай

0
Сп. Беларус-Кропачка / Адказаць
03.07.2007 / 03:43
Ну ніхвіга-ж сабе!..
0
Не жадаю!!! / Адказаць
03.07.2007 / 10:11
Вулічку Свабоды на Ўсходзе перайменуюць у вуліцу Зьмітра Гвішыяні, па імені курсанта-героя, які загінуў, гасячы пажар у цягніку. Усе добра,але вось гэтую вуліцу маглі б не пераіменоуваць!!!
0
IKS / Адказаць
03.07.2007 / 12:16
Не жадаю!!!, па першае гэта не Усход, а в/ч Уручча, мабыць нават 3214 :) Па другое там акрамя адной-дзьвух казармаў за плотам нічога няма Каардынаты ў Сіці Інфо: (4477.2;11407.9)
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру