Палітычныя лідэры адказваюць на пытаньні «НН»

Прагрэс Беларусі тармозіцца праз адсутнасьць палітычнае альтэрнатывы. Ёсьць Лукашэнка, а хто замест яго? На гэтае пытаньне няма адказу, а таму, як гэта некалі гаварылася, множацца застойныя зьявы ў грамадзкім жыцьці.

19 сьнежня на сходзе экс-кандыдатаў у дэпутаты палаты прадстаўнікоў мае быць прэзэнтаваная канцэпцыя выбару лідэра дэмакратычнай апазыцыі-2006.

Большасьць актывістаў апазыцыі на гэты раз сапраўды чакаюць зьяўленьня не «тэхнічнага кандыдата», а лідэра. Якога, бадай, няма ад часу ад’езду Зянона Пазьняка з палітычнай сцэны й раптоўнае сьмерці Генадзя Карпенкі.

Тыя, хто хоча выбраньня «сярэдняга арыфмэтычнага», адзінага кандыдата на адну кампанію, Ганчарыка №2, рыхтуюць гэтаму чалавеку не найлепшы лёс. Бо яго, магчыма, чакаюць ня выбары, а турма. А вось хто з нашых прэтэндэнтаў на лідэрства здольны застацца лідэрам, заўважным нацыі, нават у турме?

Нейкі пабожны рабочы, як Валэнса? Інтэлектуал, як Гавэл? Нашчадак вялікага роду, як Су Джы? Ці экс-урадовец, як Юшчанка?

Якія высновы, дарэчы, можна зрабіць з фэномэну Юшчанкі? Што лідэр — гэта, звычайна, чалавек адукаваны, патрыятычны, прывабны, які паходзіць з палітычна важнага рэгіёну. Ён мусіць адпавядаць пэўным фармальным патрабаваньням, каб балятавацца: яму павінна быць ня менш за 35 і ня больш за 65 гадоў у 2006-м і г.д. А галоўнае, ён крыштальна сумленны, да яго не прыстае ніякі бруд контрапрапаганды, ён бясконца любіць сваю нацыю і адданым сваім ідэалам.

Такога лідэра немагчыма прызначыць, яго можна толькі выявіць. Дакладней, ён сам мусіць выявіцца. Проці волі ж лідэрам ня зробіш.

Якім будзе заўтрашні нацыянальны лідэр? Дый ці нарадзіла ўжо нацыя новага лідэра? Гэта трэба яшчэ даказаць, бо Аляксандар Лукашэнка застаецца папулярным выразьнікам народнае волі.

На пытаньні «НН» адказваюць лідэры палітычныя: Натальля Машэрава, да нядаўна дэпутатка палаты прадстаўнікоў, кіраўнік камуністаў Сяргей Калякін, дырэктар няскоранага Беларускага ліцэю Ўладзімер Колас, лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі і Анатоль Лябедзька.

«НН»: Ці лічыце вы магчымым зьяўленьне ў Беларусі новага народнага лідэра?

Натальля Машэрава: Толькі ня трэба казаць пра «беларускага Юшчанку», пэрсаніфікацыя тут няслушная. У кожным грамадзтве лідэры зьяўляюцца ўвесь час. Толькі паўмёртвае грамадзтва ня можа на пераломным этапе нарадзіць народнага лідэра. Пры канцы мінулага стагодзьдзя да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка, які ў той гістарычнай сытуацыі быў народным лідэрам. Важна, каб народны лідэр заставаўся народным на працягу ўсяго свайго кіраваньня.

Сяргей Калякін: Гэта адбудзецца ў найбліжэйшыя паўгоду. Толькі аб’яднаньне намаганьняў вакол аднаго цэнтру можа мець посьпех. Беларускае грамадзтва даўно гатовае да зьяўленьня лідэра на чале сілаў, якія зьдзейсьняць перамены. Але гэта не адбудзецца ў выніку таго, што нехта назаве лідэра ці ён сам абвесьціць сябе лідэрам. Ён зьявіцца ў ходзе практычнай работы з насельніцтвам, калі палітыкі змогуць давесьці свае здольнасьці гуртаваць вакол сябе людзей. Магчыма, гэты чалавек будзе вылучаны супраць уласнага жаданьня, але праз свае высокія маральныя якасьці ён ня зможа адмовіцца ад місіі, якую яму прапануе грамадзтва і палітычная эліта.

Уладзімер Колас: Прыйдзецца рана ці позна з гэтым вызначацца, хоць гэта шмат каму і не падабаецца. Таму трэба зыходзіць з рэалій, а рэаліі такія, што безь недахопаў у нас толькі адзін чалавек — Лукашэнка. Таму калі такі лідэр пачне ўзьнікаць, дык Аляксандар Рыгоравіч нават і не пасьпее зь ім нічога зрабіць, бо зь лідэрам разьбярэцца свая родная апазыцыя.

Адразу зьявіцца нехта, хто захоча расказаць грамадзкасьці ўсю праўду пра гэтага чалавека, і нашы родныя незалежныя выданьні гэтую праўду будуць тыражаваць. Вось чаму лідэр дагэтуль не зьявіўся. Да таго ж, ёсьць яшчэ й тыя, хто і сам ня можа, але хоча, і другім не дае. Гэта другая прычына адсутнасьці лідэра. А людзей, якія могуць прэтэндаваць на гэтую ролю, хапае.

Анатоль Лябедзька: Чаму не? Мы ж ня нейкая бязьлюдная выспа і ня тундра. У нас дзесяць мільёнаў людзей. Натуральна, што нельга закласьці некалькі індывідаў у інкубатар і праз год-два атрымаць лідэра. Для гэтага патрэбна адпаведная сытуацыя. Цяпер ёсьць два асноўныя падыходы да вырашэньня гэтай праблемы — абраць лідэра ці прызначыць. Абодва маюць права на жыцьцё.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0