Ты — мая любімая газэта, ня толькі я, але й мае сябры ды сяброўкі чытаем, абмяркоўваем, спрачаемся, радуемся.

Звычайна спрэчкі бываюць мірныя, але вось апошняя ніяк ня скончыцца, і ўжо пад пагрозай добрыя адносіны паміж мною і маёй найлепшай сяброўкай.

А ўсё ад таго, што ў №44 прачыталі мы нататкі Тэды Лі пра тое, што варта апранаць гэтай зімой. Мы ж ня нейкія там дзевяціклясьніцы з бліскучымі ценямі перад кантрольнай па геамэтрыі; мы нават і на творчыя прадметы накшталт літаратуры або чалавека з грамадзтвам вячэрняга макіяжу ніколі не рабілі, заўсёды імнуліся быць моднымі і стылёвымі. Дый ранейшыя пісаньні Тэды Лі пра мужыкоў там, пра дзяўчат і іншых людзей нам у многім адпавядалі, многаму навучылі. А тут...

Дык да справы. Піша Тэда Лі, што «замша, мех і скура заўсёды лічыліся матэрыяламі для зімовай вопраткі». Ну, на добрую скуру зь фірмовага салёну ў нас грошай няма, купляць абы-што на Жданах тонкасьць густаў не дазваляе, а за ідэю меху мы ўхапіліся. Але тут якраз пастка.

Мая сяброўка Бронька кажа:

— «Наша Ніва» — газэта прасунутая, сусьветныя тэндэнцыі прапагандуе, значыцца, мех павінен быць з сынтэтычных матэрыялаў, такі гладкі, бліскучы.

А я ёй:

— Не, «Наша Ніва» за традыцыйную беларускую культуру, значыцца, мех павінен быць някідкі, крыху варсісты, абы моцны, натуральны.

А яна:

— Не, сынтэтычны, гладкі, трывалы.

А я:

— Не, някідкі, варсісты, традыцыйнага вырабу.

А яна:

— Бліскучы.

А я:

— Цьмяны.

А яна:

— Затое не намакае.

А я:

— Пафарбаваць можна.

...І гэтак да бясконцасьці.

Дык няхай бы нам Тэда Лі сама адпісала электроннай поштай, якія мяхі парэзаць на вопратку — ці старыя, ільняныя і пяньковыя, у якія нашыя бабулі бульбу і збожжа ссыпалі, ці, можа, навамодныя зь белага плястыку, у якіх у нашу краму буракі прывозяць?

Адкажы ж нам, «Наша Ніва», каб мы нарэшце памірыліся. А не, дык давядзецца пісаць заказное пісьмо: на тое ўжо будзе мусова адпісаць, бо што-што, а Закон аб зваротах грамадзян мы ведаем.

Твая шчырая чытачка,

Аня Васілеўская

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0