Пры гэтых словах ва ўяўленьні людзей старэйшага пакаленьня паўстае вобраз чалавека ў плашчы і чорных акулярах з кінжалам у руцэ.

Ці з парасонам, у які ўманціравана іголка з атрутай. Зразумець паходжаньне гэткага рэфлексу няцяжка. Гэта і рамантызацыя ў савецкім мастацтве шпіёнаў рэальных ды прыдуманых — Зорге, Кілбі, палкоўнік Ісаеў, гэта і добра арганізаваная сыстэма падрыхтоўкі кіраўнікоў і шарагоўцаў нацыянальна-вызвольных рухаў, якія нярэдка не адрозьніваліся ад шпіёнаў і дывэрсантаў. Гэткая палітыка мела посьпех. У 1950-я і 1960-я гады XX ст. дэградавалі і распаліся каляніяльныя імпэрыі Францыі ды Брытаніі. Але падрыхтоўка «байцоў нябачнага фронту» на гэтым не спынілася, а плаўна перацякла ў падрыхтоўку ідэалягічных «місіянэраў». Чэ Гевара, Карлас Ільіч, чырвоныя брыгады. Іх дзейнасьць ужо практычна не адрозьнівалася ад сучаснага тэрарызму.

Цікава, што ўсе яны рыхтаваліся не ў Аўганістане ці Судане, а ў Маскве ці Бэрліне. Дзіва што шмат якія кіраўнікі азіяцкіх ды афрыканскіх дзяржаў — выхаванцы вайсковых ВНУ Расеі. Аўтамат Калашнікава — на сьцягах далёкіх краін, а стваральнік гэтага цуду тэхнікі мог бы быць даляравым мільярдэрам, паколькі твор ягонага імя выраблены і гуляе па сьвеце ў колькасьці больш як 70 млн штук.

Адчыніць «скрыню Пандоры» аказалася прасьцей, чым зачыніць. Мэтастазы рэвалюцыйнага тэрарызму пачалі распаўзацца па сьвеце. Буйной памылкай крамлёўскага кіраўніцтва стала вайна ў Аўганістане, краіне, якая дрэнна кантралюецца заваёўнікамі з часоў Аляксандра Вялікага. Маса зброі, што паступіла ў гэтую краіну за 10 год і з СССР, і з ЗША, стала трывалаю базаю для тэрарызму на мяжы тысячагодзьдзяў. У выніку тэрарызм набыў інтэрнацыянальны характар, але родавая пупавіна, што злучае яго з Масквою, канчаткова не разарваная. Філязофія і практыка яго лёгка ўгадваюцца ў бясконцым «аднаўленьні канстытуцыйнага парадку» ў Чачні. Прычым з абодвух бакоў. Таму сьлёзы крамлёўскага кіраўніцтва па бязьвінных ахвярах беззаконных акцый баевікоў Басаева — ня больш чым кракадзілавы сьлёзы.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Юры Хадыка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0