Людзі сыходзяць у гарады, вёска вымірае. Спынілася мэліярацыя. Прырода магла ўзяць рэванш. Але ўжо ня можа. Колькасьць жывёл і расьлін, якім пагражае зьнікненьне, толькі расьце. Міністэрства аховы прыроды зацьвердзіла новы сьпіс рэдкіх расьлінаў і жывёлаў.

Высілкі па зьберажэньні біялягічнае разнастайнасьці на Зямлі маюць караценькую гісторыю, што не налічвае й 100 гадоў. Драбяза, у параўнаньні з тысячагодзьдзямі татальнага вынішчэньня чалавекам усяго жывога, зьмены ляндшафтаў і кліматаў. Толькі па вайне, гадоў 50 таму, чалавецтва ўсьвядоміла, што страта любога віду расьлін і жывёл — непапраўная згуба для саміх жа людзей. Cтварэньне так званых «Чырвоных кніг» стала першым крокам у барацьбе за тую лінію, за якой — нябыт…

Сэнс Чырвонае кнігі палягае, перад усім, у тым, што яна — аснова для законаў. Апроч таго, гэткія кнігі прапануюць навукова абгрунтаваныя захады па зьберажэньні рэдкіх відаў. Маральны ж бок навідавоку — той, хто знаёмы з падобнымі выданьнямі, мае шанец не застацца эгацэнтрычнай адзінкаю ў грамадзтве спажываньня.

Беларусь таксама мае ўласную нацыянальную Чырвоную кнігу, заснаваную пастановай СМ БССР у 1979 г. Першае выданьне яе ўбачыла сьвет у 1981 г. У яго было ўключана 80 відаў жывёл і 85 відаў расьлін. У 1993 г. было складзенае яе другое выданьне. Што праўда, як і якім чынам ахоўваецца той ці іншы канкрэтны від з кнігі, ня скажа ніхто. Ну хіба хто бачыў міліцыянтаў ці інспэктараў, якія правяралі б букеты ў прыгарадных цягніках на прадмет рэдкіх відаў расьлін? Альбо хто бачыў, каб правяралі ў рыбакоў улоў у звычайных месцах?..

Жывучы ў гарадах, мы не задумваемся аб тым, колькі нечалавечых істот дзеляць з намі наш лёс — жыць у гэтай краіне. Іх мільярды. Ад казурак і прасьцейшых арганізмаў да аграмадных самоў і велічэзных ласёў. Здавалася б, з аднаго боку, іх жыцьцёвая прастора ў нашых краях несупынна пашыраецца. Людзі сыходзяць у гарады, вёска вымірае, палі зарастаюць. Спынілася мэліярацыя. Куды менш валяць у зямлю хімікатаў. Чарнобыльскія раёны, дзе багата чаго згарнулі й паадсялялі людзей, — асобная тэма. Адным словам — прырода магла ўзяць рэванш. Але ўжо ня можа. Колькасьць жывёл і расьлін, якім пагражае зьнікненьне, толькі расьце.

Ужо незваротна зьніклі ў Беларусі хахулі, дрофы, дзікія лясныя каты, даніэлі, адзін зь відаў кажаноў — гіганцкая вечарніца, дзясятак відаў рыб — такіх, як расейскі і балтыйскі асятры, выразуб ды шмат іншых. Амаль траціна відаў, якія яшчэ фіксавала Чырвоная кніга 1979 г., ужо не адзначаецца дасьледчыкамі ў нашай прыродзе.

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

SH

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0