2 ліпеня ў Варшаве Аляксандр Мілінкевіч сустрэўся з кіраўнікамі дыпламатычных місій краін Еўрасаюза, якія знаходзяцца ў Польшчы, а таксама з арганізатарамі стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага.
Як паведаміла прэс‑служба палітыка, падчас сустрэч будуць абмеркаваныя грамадска‑палітычная сітуацыя ў Беларусі, а таксама далейшае ажыццяўленне праграмы імя К.Каліноўскага, якая скіравана на падтрымку рэпрэсаваных студэнтаў.
Напярэдадні візіту ў Польшчу А.Мілінкевіч падкрэсліў неабходнасць далучэння ўсіх краін Еўрапейскага саюза да гэтай праграмы. «Праграма імя Каліноўскага вельмі важная для барацьбы са страхам, для таго каб прадэманстраваць салідарнасць з рэпрэсаванай моладдзю, каб усе адчувалі, што мы адзіная моц. Далучэнне да гэтай праграмы іншых краін Еўрасаюза будзе сведчыць пра еўрасалідарнасць з рэпрэсаванай моладдзю нашай краіны, а таксама пра агульную пазіцыю ЕС датычна дзеянняў аўтарытарнага рэжыму», — сказаў А.Мілінкевіч.