Гледзячы зь «Менскае сахі» ў «НН» ад 10 сьнежня.

Як калісьці ў БССР,

Разразае стужку мэр,

Адкрывае сьветлы шлях

У чырвоных ліхтарах.

Перад стужкаю чырвонай

Шчыльнай зьбіліся калёнай

Не паны сахі-арала,

Толькі інтэлектуалы.

Спрэс эліта: мастакі,

Філязофы, сьпевакі,

Да пляча плячо — паэты,

Што вядомы на паўсьвету.

Як Сатыры ў храм Вэнэры

Зараз рынуцца, халера!

Маюць права першай ночы.

Хто ня верыць — плюньце ў вочы!

Могуць працай пахваліцца:

Дзеля велічы сталіцы

Выбіралі, дзе і як

Ў Менску зьмесьціцца бардак.

Не рабочы, не армейскі,

А сапраўдны эўрапейскі!

Шчыра дзякуюць прамоўцы

Тым экспэртам-адмыслоўцам,

Іх стараньнем проста ў рай

Пераскочыць родны край.

Будзе ў нас, а не ў кагосьці,

Дзесьці з кімсьці хтосьці штосьці!

Вікенці Ласасянскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0