Ад рэдактара
Акадэмічныя свабоды застаюцца сумным успамінам, два зь пяці апошніх дэканаў не гаварылі па-беларуску, да чвэрці хлопцаў-выпускнікоў трапляе на працу ў міліцыю. Вось стан сёньняшняга філфаку БДУ. Гэты факультэт па вызначэньні мусіць адыгрываць асаблівую ролю ў краіне, дзе адбываецца нацыятварэньне, а вы яго параўноўваеце зь «вядучымі расейскімі ўнівэрсытэтамі». Дагестанскім? Саранскім? Ваш падзел на «беларускую філялёгію» і «філялёгію ўвогуле» выклікае навуковае зьдзіўленьне. А прыкрываньне падпарадкаванага становішча ўсяго беларускага на філфаку БДУ клопатам пра ўзбагачэньне «нацыянальнае культуры сусьветнымі здабыткамі» — гэта проста цынізм.
Артыкул А.Шанскага, прысьвечаны філфаку, быў пабудаваны на фактах, а камэнтар А.Івашчанкі прасякнуты шкадаваньнем пра стан факультэту. Не зубаскальствам.
Вы ж бароніце карпаратыўны гонар, аднак не падаяце фактаў, густа жартуеце і ні пра што не шкадуеце. Мо і крыўдна, калі народ называе цьвярдыню слова бабфакам, але пакуль там на 100 студэнтаў прыпадае 95 дзяўчат, так і будзе называць. Зьмяніце спэцыялізацыі і мэтады працы, завабце хлопцаў — перастане. Вы пішаце, што такое становішча на ўсіх гуманітарных факультэтах. Няпраўда. Параўнайце з гістфакам ці журфакам вашага БДУ.
Мо вы і нязгодныя, што на філфаку сёньня патыхае афіцыяльшчынай і фармалізмам і што гэта ня так сабе; адраджэньне савецкіх фрагмэнтаў урэшце прывядзе да адрачэньня апошніх прынцыпаў акадэмічнае свабоды. Але аўтары маюць права рабіць такія ацэнкі.
У вас свае ацэнкі, у аўтараў свае. Ня бачу ў вас фактаў, у якіх аўтары «НН» прынцыпова памыляліся б.
Яны пісалі пра беды філфаку, а не пра віну філфаку.
Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"