17.12.2004 / 13:00

Елка ў Лісабоне

Як я мыў боты ў Атлянтычным акіяне

Нехта даўно заўважыў: каб зразумець чужую краіну, трэба пабыць у ёй адзін-два дні, інакш на гэта спатрэбіцца шмат гадоў. Трэба сказаць, што і на тое, каб зразумець сваю ўласную краіну, можа не хапіць цэлага жыцьця. Але што тычыцца ролі першага ўражаньня, то заўвага слушная. Пакуль успрыманьне сьвежае, вока «незамыленае», заўважаеш, сапраўды, найбольш адметнае, адрознае ад таго, што бачыў раней, чаго самі тамтэйшыя жыхары ўжо як бы й не заўважаюць, бо даўно прызвычаіліся.

У кожным выпадку вандроўнік усё адно будзе ўспрымаць і апісваць найперш тое, што стасуецца (альбо не стасуецца) зь ягоным уласным ранейшым досьведам, раней убачаным і пачутым. І міжволі ён, вандроўнік, будзе кожнага разу пісаць пра свае ўласныя ўражаньні й пачуцьці, г.зн. пра самога сябе.

Такі доўгі ўступ мне спатрэбіўся, каб схаваць сваю пэўную разгубленасьць. Ёсьць эўрапейскія гарады, пра якія цяжка што-небудзь сказаць, таму што пра іх да цябе сказалі ўжо мільён разоў (напрыклад, пра Парыж). Ёсьць гарады, пра якія цяжка сказаць, бо сказаць няма чаго — ну, чыста там, прыгожа, утульна… А што яшчэ можна дадаць? Пра Лісабон нялёгка распавесьці ні паводле першай, ні паводле другой прычыны. Проста эмоцыі няма як выказаць словамі…

З рамантычных аповесьцяў Аляксандра Грына (Грыневіча) зь дзяцінства ў галаве засталася назва выдуманага партовага гораду — Зурбаган. Лісабон, калі яго й меў на ўвазе аўтар «Пунсовых ветразяў», зразумела, ня мае нічога супольнага з рэальнай сталіцай Партугаліі. Але самае дзіўнае, што адначасна як бы й мае! У тым сэнсе, што нейкія рамантычныя дзіцячыя мары знаходзяць раптам сваё абсалютнае ўвасабленьне ў абліччы гораду на самым скрайнім захадзе Заходняй Эўропы. Справа не ў дэталях архітэктуры — тыя «дэталі» проста выходзяць за межы дзіцячай фантазіі. Ці здольныя вы, напрыклад, уявіць дамы, цэлыя кварталы дамоў, зьверху данізу ўпрыгожаных блакітнай альбо зялёнай, жоўтай або яшчэ якой кафляй, з балькончыкамі, аздобленымі вітымі кратамі, на якіх разьвешаны прасьцірадлы й бялізна — у тым ліку мужчынскія кальсоны й шкарпэткі, якія пераможна лунаюць, нібы тыя марскія сьцягі, над брукаванымі вуліцамі?

Праўда, калі вы былі калі-небудзь у Празе, дык у абліччы старога Лісабону вы празь некаторы час са зьдзіўленьнем зможаце пазнаць дзьве знаёмыя рэчы. Гэта паўсюдная брукаванка, аб якую хутка зьбіваецца абутак — асабліва абцасы на жаночых чаравіках. І гэта чырвоная дахоўка. Чырвона-руды колер часам суседнічае з той самай зялёнай кафляй, і тады атрымліваецца нацыянальны – чырвона-зялёны — партугальскі сьцяг. Толькі на партугальскім сьцягу, у адрозьненьне ад дзяржаўнага сьцягу Беларусі, гэтыя стракатыя колеры глядзяцца цалкам натуральна, бо яны тут свае, а не запазычаныя. Дый пеўню, нацынальнаму сымбалю Партугаліі, зялёна-чырвонае пер’е, пагадзіцеся, цалкам пасуе.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Віталь Тарас

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру