Арышт гендырэктара наваполацкага нафтавага гіганту «Нафтан» Канстанціна Часнавіцкага адбыўся яшчэ 8 сьнежня. КДБ афіцыйна паведаміў пра гэта толькі праз тыдзень — 14 сьнежня. Часнавіцкага і в.а. камэрцыйнага дырэктара ААТ «Нафтан» Сяргея Мартынава абвінавачваюць паводле арт.210 ч.4 КК (раскраданьне праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйных памерах). Гэта пагражае ім пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці й пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады.

Часнавіцкага й Мартынава затрымалі ў рамках разбору справы былога камэрцыйнага дырэктара прадпрыемства Зьмітра Бандарчука, які сядзіць у сьледчым ізалятары КДБ з кастрычніка. Ідзецца аб продажы зацікаўленым фірмам нафтапрадуктаў па заніжаных цэнах за незаконнае ўзнагароджаньне. Магчыма, затрыманьне «нафтанаўцаў» зьвязана са справай Галіны Жураўковай — былой кіраўніцы спраў прэзыдэнта. У яе справе фігуруюць кантракты з «Нафтанам».

Прэсавы сакратар КДБ Аляксандар Базанаў адзначае, што сувязь паміж справамі Жураўковай і Часнавіцкага толькі ў тым, што іх вядзе адна служба — управа эканамічнай бясьпекі, ды ў наяўнасьці «нафтавага сьледу». Што праўда, гэтаму крыху пярэчыць нядаўняя заява ў Вярхоўным Судзе былога намесьніка гендырэктара фірмы «Белая Русь» Аляксандра Мурашкі: ён прызнаў, што пры падпісаньні нафтавых кантрактаў з замежнымі партнэрамі ставілася ўмова пералічваць у сярэднім па аднаму даляру з кожнай завезенай у Беларусь тоны нафты на афшорныя рахункі. Нафту перапрацоўвалі на «Нафтане».

Паводле прагнозу «Белнафтахіму», за 2004 г. прадпрыемства мае перапрацаваць 9,2 млн т расейскай нафты (асноўныя пастаўшчыкі — «Сургутнафтагаз», «Лукойл», «Раснафта», «Юкас»).

У Наваполацку весткі пра арышт Часнавіцкага распаўсюдзіліся імгненна. Пачалі шырыцца й чуткі пра тое, што Часнавіцкі працягвае выконваць свае дырэктарскія абавязкі. Паспрыяла гэтаму поўная аналёгія з сытуацыяй 2002 г. Тады на пачатку году Часнавіцкага таксама затрымлівалі. Адбылося гэта на тле актывізацыі расейскага «Лукойлу» ў справе акцыянаваньня беларускага «фамільнага срэбра», і Часнавіцкі перашкаджаў прыходу расейскай фірмы на «Нафтан». Потым усе абвінавачаньні зь яго зьнялі.

Прэзыдэнт «Лукойлу» Вагіт Алякпераў па-ранейшаму зацікаўлены ў наваполацкім прадпрыемстве — найбуйнейшым падаткаплатніку Беларусі. Пра гэта ён заяўляў на пачатку 2004 г. падчас перамоў з прэм’ер-міністрам Сяргеем Сідорскім. Ня выключана, што Часнавіцкі стаў ахвярай чарговай вайны за перадзел сфэраў уплыву. Некаторыя назіральнікі прагназуюць, што затрыманьне Часнавіцкага — толькі першы акт у цэлай сэрыі арыштаў, і зьвязваюць яго з прыходам новага кіраўніцтва КДБ.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0