17.12.2004 / 13:00

Духоўны лідэр беларусаў наведаў Менск

На прэзэнтацыю кнігі айца Аляксандра Надсана «Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус» 8 сьнежня сабралася поўная заля Чырвонага касьцёлу. Людзі прыйшлі ня столькі дзеля самой кнігі, колькі дзеля яе аўтара, што пасьля 4-гадовага перапынку зноў пабываў у Беларусі.

Беларуская місія ў Лёндане, на чале якой стаіць 78-гадовы айцец Аляксандар Надсан, даўно стала сапраўдным духоўным цэнтрам беларусаў, прычым ня толькі замежжа. Навукоўцы і пісьменьнікі імкнуцца ў лёнданскую місію, каб трапіць у Бібліятэку імя Францішка Скарыны — адзіную на Захадзе беларускую бібліятэку, дзе захоўваецца ўнікальная калекцыя кніг і рукапісаў. Для тых, хто шукае сваё месца ў Царкве, малітва ў тамтэйшай капліцы Сьв.Пятра і Паўла пакідае незабыўнае ўражаньне. Пра гэта добра сказаў Ўладзімер Арлоў: «Няхай даруюць мне храмы маёй бацькаўшчыны ў яе этнаграфічных межах, але большай суладнасьці сваёй душы з храмам, з Усявышнім, чым у той царкве, дзе служыць айцец Аляксандар, я нідзе не адчуваў і, можа быць, больш не адчую. Гэтаксама як не сустрэўся мне пакуль што іншы храм, які б нараджаў у душы такую суладнасьць, не сустрэўся ў маім жыцьці і чалавек, апроч айца Аляксандра, які настолькі б адпавядаў свайму сьвятарскаму чыну». Гэта ўжо словы пра шматгадовага захавальніка гэтага беларускага асяродку.

Нагодай для прыезду стала прэзэнтацыя кнігі «Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус», прысьвечанай першаму за апошнія некалькі стагодзьдзяў біскупу-беларусу, заснавальніку Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане. Айца Надсана чатыры гады не было ў Беларусі. Ад часу, калі МЗС увёў новую норму, паводле якой для атрыманьня беларускай візы айцу трэ было пытацца дазволу ў Камітэце па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, а.Надсан перастаў прыяжджаць у Беларусь. Сёлета ён адступіў ад сваіх прынцыпаў. Ён прыехаў, каб прэзэнтаваць працу, дзе грунтоўна раскрываецца гісторыя адраджэньня ўніяцкай царквы ў мінулым стагодзьдзі.

Сустрэчу зь ім не анансавалі радыё і ТБ, але на прэзэнтацыю ў Чырвоны касьцёл прыйшло столькі людзей, што ўсім не хапіла месца ў залі. Прычым некаторыя адмыслова прыехалі зь іншых гарадоў. Беларусы прыйшлі да свайго Настаўніка. Менавіта так — настаўнікам — называлі яго падчас прэзэнтацыі выступоўцы.

Прэзэнтацыя была прызначаная на 8 сьнежня. У гэты дзень споўнілася 90 гадоў з дня нараджэньня біскупа Сіповіча. Біскуп Сіповіч памёр у 1981 г. Аднак патрэбен быў час, каб «цьвяроза і бязь лішніх эмоцыяў агледзець падзеі ды абставіны ягонага жыцьця і сьлед, які ён па сабе пакінуў». Апроч асабістых успамінаў, крыніцамі для кнігі служылі для а.Аляксандра дзёньнікі і ліставаньне біскупа Сіповіча, а таксама шматлікія дакумэнты, якія цяпер знаходзяцца ў Бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лёндане.

Найбольшая заслуга Чэслава Сіповіча для беларусаў — гэта заснаваньне ім лёнданскай бібліятэкі. Пераяжджаючы з Рыму, дзе Сіповіч вучыўся, ён прывёз з сабой у Лёндан толькі 300 кніг, якія і сталі пачаткам калекцыі. Цяпер пры кожнай нагодзе ў Лёндан едуць чарговыя партыі кніг зь Беларусі, папаўняючы бібліятэку. Унучка Якуба Коласа, кіраўніца дзіцячага фонду «Сакавік» Марыя Міцкевіч пазнаёмілася з айцом Аляксандрам у сувязі з дапамогай дзецям, якія пацярпелі пасьля чарнобыльскай катастрофы. Ангельскія беларусы першымі адгукнуліся на беларускую бяду. Айцец Аляксандар асабіста прыехаў зь першым грузам гуманітарнай дапамогі з Брытаніі. З таго часу не прыпыняецца супрацоўніцтва з брытанскімі дабрачыннымі арганізацыямі. Кожны год зь Беларусі едуць дзеці ў Брытанію на адпачынак, і кожны год разам зь імі едуць у Лёндан новыя кнігі.

Першая частка накладу, якую прывезьлі на прэзэнтацыю, разышлася імгненна. Выдавец Зьміцер Санько паабяцаў, што да канца году кніга зьявіцца ў продажы. Аднак пры накладзе ў 800 асобнікаў можна з упэўненасьцю сказаць, што яна адразу ж стане бібліяграфічнай рэдкасьцю. Падчас прэзэнтацыі айцу Аляксандру падарылі два асобнікі, выкананыя ў скураной аправе, з залатым абрэзам і ў футарале, адзін зь якіх прызначаны для лёнданскай бібліятэкі. Кніга пра біскупа Сіповіча — першая праца Аляксандра Надсана, зь якой зможа пазнаёміцца шырэйшая аўдыторыя чытачоў, паколькі гэта першая ягоная кніга, што выходзіць у Беларусі.

А.Аляксандар Надсан зьяўляецца перакладчыкам усіх усходніх літургічных тэкстаў на беларускую мову, якія ўжо 14 год выкарыстоўваюць у малітвах грэка-каталікі. Звычайна гэтай аграмаднай працай займаюцца літургічныя камісіі, аднак, па даўняй беларускай традыцыі, у нас яе зрабіў адзін чалавек, на што яму спатрэбілася некалькі дзясяткаў гадоў.

Вядома, з найбольшай цікавасьцю і ўвагай прысутныя слухалі самога айца Аляксандра. Гаворачы пра Сіповіча, пра адзінства Царквы, ён сказаў і пра тое, на чым павінна будавацца адзінства народу, усіх людзей паміж сабой: «Мы ўсе дзеці аднаго Бога, усе пакліканыя быць дзецьмі Божымі. Нават калі ёсьць розьніца ў поглядах, мы павінны любіць і шанаваць адзін аднаго. Любіць і шанаваць кожнага». Сустрэчу з айцом Надсанам завяршылася сьпевам гімну «Магутны Божа» ў выкананьні хору «Голас душы». Гімн таксама стоячы сьпявалі ўсе прысутныя.

Увечары 9 сьнежня а.Аляксандар адслужыў у касьцёле ў Серабранцы літургію — адзіную падчас сёлетняга прыезду ў Беларусь. І ўсе шэсьць дзён перабываньня а.Аляксандра ручаінка людзей цякла ў кватэрку на Залатой Горцы, дзе спыняўся гэты сьветлы чалавек.

АТ

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру