24.12.2004 / 13:00

To the Happy Few *

Трынаццаць гадоў незалежнасьці. Здавалася б, няма лягчэйшага: азірнуцца й падсумаваць. Лезуць у галаву нейкія, прабачце, сасуды!

Не, ня тое, што вы падумалі, — звычайна я абыякавы, пра які чых паведамляюць сёньня «СБ» і БТ ды сьпяшаецца камэнтаваць беларуская «Свабода». І паважаны Лёлік Ушкін памыляецца, залічыўшы параўнаньне дзяржавы з гарлачом у разрад незвычайных, — нашмат меней новага пад сонцам. Яшчэ ў Дао Дэ Цзін напісана: краіна падобная да таямнічага начыньня; да яго нельга дакрануцца — хто схопіць яго, губляе. Дзіўна, але ніхто не спрабаваў прасачыць гэтую сытуацыю з гледзішча начыньня.

За 13 год зьмест панятку «незалежнасьць» нагэтулькі ўскладніўся, што вядомае эсэ У.Арлова «Незалежнасьць — гэта…» падаецца прыкладам афарыстычнае сьцісласьці і амаль антычнага ляканізму. Калі, сьледам за гэтым тэкстам, заставацца ў высокай сфэры чыстых пажаданьняў, то сёньня гэтыя словы ўжываюць прыхільнікі супрацьлеглых праектаў беларускае будучыні. Яно не чужое нікому, і таму само па сабе амаль нічога ня значыць.

Калі ж паглядзець, што збудавана з гэтых пажаданьняў і куды вядзе той беларускі шлях… У агульных рысах незалежнасьць напаткаў лёс дэмакратыі: увасабленьне не дараўноўвае прынцыпу.

Гэтаму ёсьць аналёгіі на літаратурным полі. Беларускіх аўтараў не пакідае жаданьне напісаць пра славутыя паўстаньні ХІХ ст. Вынік даволі дзіўны: паўстаньне ўсё адно застаецца за кадрам. Караткевіч не дапісвае эпапэі, пачатай «Каласамі…», Петрашкевіч у «Рыцару свабоды» канцэнтруецца на супрацьстаяньні постацяў Каліноўскага і Мураўёва ў абстрактнай прасторы дыялёгу, Наварыч у «Літоўскім ваўку» трымаецца як мага далей ад падзеяў надместачковага масштабу, Рублеўская ў «Золаце забытых магіл» шчодра падмешвае да паўстанцкае закваскі містыку. Нарэшце, падзеі «Бацечкі Зэна» Франца Сіўка адно дэкляратыўна зьмешчаны ў адпаведны гістарычны пэрыяд — чытач можа ігнараваць гэтую повязь або дашуквацца эзатэрычных паралеляў паміж эпідэміяй і аддзеламі расейскіх казакаў.

Паўстаньні прыцягваюць пісьменьніцкую ўвагу, але некаторыя бакі зьявы застаюцца неспасьцігальнымі. Гэта перш за ўсё крыніцы ўпэўненасьці паўстанцаў у рацыянальнасьці ўласных дзеяньняў. І ня дзіва: ішлі на страту маёнткаў, згубу кар’еры і жыцьцёвай пэрспэктывы дзяцей — на страту жыцьця! — у змаганьні супроць непараўнальна магутнейшага ворага. Баранілі нешта вельмі для сябе важнае, бо толькі ў гэтым выпадку апраўданы нагэтулькі адчайныя ўчынкі. Толькі вось што? Паспрабуй адкажы…

Тэма каранёў паўстаньня — тэма эліты, адной з функцый якое ёсьць клопат пра так званыя адцягненыя рэчы. Дзяржаўны лад, правы чалавека, гістарычная справядлівасьць… Паўстанцы ХІХ ст. баранілі сваё права быць элітаю на сваёй зямлі.

Псыхалёгію гэтае сацыяльнае групы сучаснаму беларусу зразумець надзвычай складана, а выказаць у катэгорыях беларускае культуры — пагатоў. Новая (з ХІХ ст.) традыцыя шмат у чым прынцыпова антыэлітарная — мае, хутчэй, сялянска-сацыялістычныя, плебэйскія карані і савецкую гісторыю. З-пад пяра беларуса ня выйшла нічога падобнага на «Пармскі манастыр» Стэндаля, і, калі гаварыць пра верхнія ступені сацыяльнае лесьвіцы, ягоны лёс па-ранейшаму, як стагодзьдзе таму, — чытаць чужыя аповеды пра маркіза дэ Барбузона, як малыя ў «Шляху зь цемры» Янкі Маўра. Чытаць як прыгожую казку і не разумець, што гэта хай сабе перакручаны, але малюнак з штодзённага жыцьця кожнае краіны, у тым ліку іхняй уласнай.

Тое самае, што пра культурную традыцыю, можна сказаць — і зь яшчэ большым націскам — пра сёньняшнюю Беларусь: дзяржаву (палітычны рэжым і ідэалягічную дагматыку) і грамадзтва (штодзённае жыцьцё). Гэта вяртае нас да сумнага лёсу адцягненых паняткаў.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі гаэты "Наша Ніва"

Даніла Жукоўскі

* To the Happy Few — нешматлікім шчасьліўцам (анг.).

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру