24.12.2004 / 13:00

Наталка Бабіна

Спэцыяліст па рамантыцы

— Які жах! — вырвалася ў мяне адрухова, і суседка павярнула галаву.

Таксама адрухова я прыкрыў морду нумарам «La palabra». Больш за ўсё мне зараз хацелася ўціснуцца ў плястыкавы шэзьлёнг ды прыкінуцца матрацам. Суседка глядзела зь цікавасьцю.

— Калі ласка, устаньце перада мной, а то, крый божа, ён мяне пазнае! — заблагаў я шэптам, зьвяртаючыся да яе. — Закрыйце мяне ад яго, прашу вас, — падбародзьдзем і вачыма я паказаў на Гансала.

Суседка — відаць, з тых, хто ніколі не адмаўляецца дапамагчы блізкаму, — паслухмяна падвялася і заняла такую пазыцыю, каб максымальна закрыць мяне сваімі немізэрнымі формамі ад магчымага позірку Гансала. Досыць тыповая камічнасьць (ці камічная тыповасьць) гэтага кавалера сярэдняга веку з акруглым мазалём, лысага з бардзюрам, на тонкіх махнатых ножках, які, заграбаючы пляжнымі пантофлямі, задаволены ўсім, крочыў удалячынь уздоўж берага, выклікала на яе поўных вуснах лёгкую ўсьмешку. Калі фігура досыць аддалілася, я уздыхнуў з палёгкай.

— Шчыры вам дзякуй. Вы мяне выратавалі.

Яна паглядзела на мяне таксама з усьмешкай, але, здаецца, ня ўбачыла ўва мне нічога камічнага і адказала:

— Няма за што. Але хто гэта быў? Ваш крэдытор? Пацыент, якому вы памылкова выдалілі гіпофіз? Канкурэнт, які на вас палюе?

Яе ангельская, як і мая, патыхала International House’ам. Я пачухаў патыліцу.

— Не, гэта… як гэта растлумачыць, — я падбіраў словы і таму гаварыў павольна, — гэта мой знаёмы спэц па рамантыцы.

— Спэц па рамантыцы?

— Як гэта лепш сказаць?.. Аднак ці не адмовіліся б вы ад кілішка віна? — прапанаваў я.

— Вядома, не адмовілася б.

— Я прынясу.

Калі я падаваў ёй бакал зь мясцовым белым, яна затрымала погляд на маім перадплеччы, дзе красаваліся шнары ад раненьня. У яе быў дзіўны позірк: туман яе тайны агартаў яго, і вочы зусім не блішчалі.

— Дзякуй. Але як вам удалося атрымаць такія вялікія бакалы? Мне бармэн заўсёды налівае віно ў нешта накшталт напарстка.

— Дык мы зь ім землякі, нам лягчэй дамовіцца, — усьміхнуўся я. — Давайце пазнаёмімся: мяне завуць Артэміё, я з Эквадору.

— Марыя, зь Беларусі.

Амэрыканка, якая загарала побач, глядзела на нас так, як быццам мы пілі не віно, а сінільную кіслату. Тут поўна тлустых амэрыканцаў, якія прыехалі на Каляды да цёплага мора; усе як адзін вядуць яны здаровы лад жыцьця, п’юць толькі мінэральную ваду, а самыя адорвы — напалам разбаўленае кокай піва. Барані іх госпадзе!

Ранішні ветрык яшчэ не зрабіўся празьмерна гарачым, лёгкія акіянскія хвалі набягалі на пясок, які яшчэ не пасьпеў разагрэцца. Я азірнуўся, каб упэўніцца, што Гансала не вяртаецца.

— Цяпер прыйдзецца або скрадацца, каб ён мяне ня ўбачыў, або зьяжджаць адсюль, — сумна вымавіў я.

— Вы ня любіце рамантыкі? — пацікавілася яна.

— Спэцыялістаў па ёй не люблю. Бачыце, я былы, як гэта… былы партызан. Наўрад ці вы зразумееце, што гэта такое…

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі гаэты "Наша Ніва"

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру