Каляднае пасланьне айца Аляксандра Надсана

У пачатку 1990-х гадоў мінулага стагодзьдзя, калі век і здароўе дазвалялі мне браць больш актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці, адна брытанская арганізацыя зьвярнулася да мяне з прапановаю супрацоўніцтва ў галіне гуманітарнай дапамогі для дзетак у Беларусі, асабліва тых, што пацярпелі ад Чарнобыльскай аварыі. Адначасова яны паставілі ўмову, што разам з дапамогаю яны будуць распаўсюджваць сваю рэлігійную літаратуру. Прапанова была спакусьлівая, бо арганізацыя распараджалася рэсурсамі, пра якія я мог толькі марыць. Тым ня менш, разважыўшы ўсё, я адмовіўся ад супрацоўніцтва. Прычынай адмовы было маё нежаданьне злоўжываць сваім становішчам: я ўважаў, што ў выпадку згоды дапамога перастала б быць бескарысьлівай, яна б спалучалася з маральным націскам на дзяцей і іхніх бацькоў, якія знаходзіліся ў бездапаможным становішчы. Іншымі словамі, гэта быў бы маральны шантаж.

Сапраўдная дапамога будзе такой толькі тады, калі той, хто дае, не чакае ўзамен нічога, апрача дабра асобы ў патрэбе. Іншымі словамі, яна павінна адбывацца ў атмасфэры пашаны да чалавечай годнасьці.

Прыблізна ў тым самым часе мне прыйшлося чуць па радыё інтэрвію з Маці Тэрэзай з Калькуты, якую ўжо пры ейным жыцьці многія ўважалі сьвятой. Ейным пакліканьнем была апека — часта ў апошнія хвіліны іхняга жыцьця — над тымі, што апынуліся за бортам г.зв. прыстойнага грамадзтва, якое хацела забыцца пра іх. Маці Тэрэза расказвала пра аднаго чалавека, якога яна падабрала на вуліцы, калі той ужо быў пры сьмерці. Ейныя апошнія словы мяне вельмі ўразілі: «Як ён прыгожа паміраў!» Падумаўшы, я зразумеў, што яна хацела гэтым сказаць. Гэты чалавек, які праз увесь свой век ня ведаў нічога, апроч абыякавасьці, зьняваг і пагарды з боку іншых, у апошнюю гадзіну свайго жыцьця адчуў, што ёсьць нехта, каму ён дарагі, хто жадае яму дабра, не чакаючы нічога ўзамен. Яму было вернутае пачуцьцё ягонай чалавечай годнасьці.

Вялікі ўсходні сьвяты Максім Вызнаўца (580—662) пачынае адзін са сваіх твораў дыялёгам, у якім малады манах пытаецца свайго духоўнага настаўніка: «Скажы мне, ойча, чаму Бог стаў чалавекам?»

Адказ можа быць шматгранны і доўгі. Таму тут хацелася б зьвярнуць увагу на адзін аспэкт, пра які так прыгожа сказаў Сьвяты Павал: «Калі прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына свайго, народжанага ад жанчыны, народжанага пад Законам, для адкупленьня тых, што пад Законам, каб нам атрымаць усынаўленьне… Такім чынам, ты ўжо не нявольнік, але сын. А калі сын, то і спадкаемца з волі Божай» (Гал 4:4-7).

Іншымі словамі, тут ідзе гутарка пра «гонар і годнасьць», пра якія (або пра зьнявагу якіх) можна часта чуць у наш час у Беларусі. Бог ушанаваў чалавека, аказаў яму вялікі гонар, сам стаўшыся ім. Адначасова Ён узвысіў яго да годнасьці сына Божага, спадкаемцы Божага валадарства.

Калі не памыляюся, адзін з горкаўскіх герояў неяк сказаў: «Чалавек — гэта гучыць горда». У сьвятле вышэйсказанага думаю, што ўсе мы можам падпісацца пад гэтым сказам, даючы яму толькі свой зьмест.

Гонар і годнасьць, пра якія ідзе тут гутарка, ня маюць патрэбы ў судовай абароне, яны не падлягаюць зьнявазе. Іхняе зразуменьне, аднак, патрэбнае, каб сярод людзей настала тая «добра воля», пра якую сьпявалі анёльскія хоры ў час прыйсьця на сьвет Сына Божага. І вось гэтага ўсьведамленьня жадаю ўсім нам у гэтыя вялікія і сьвятыя дні, каб наступіў сапраўдны супакой на зямлі і каб мы маглі ўсе разам радасна аддаць хвалу Богу на вышынях.

а.Аляксандар Надсан,

апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў замежжа

Каляды 2004

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0