У гэтыя месяцы палітыка ды войны нібы адыходзяць на другі плян. Памятаеце, як падчас «Euro-2004» і атэнскай Алімпіяды ўсе чакалі тэрактаў? Нічога не адбылося. Ці то спрацавалі беспрэцэдэнтныя захады бясьпекі, ці шахіды — такія ж спартовыя заўзятары, як і звычайныя людзі, і, замест таго каб швэндацца абы-дзе з выбухоўкай, дружна паселі перад тэлевізарамі.

Гучных палітычных падзей таксама ў чэрвені і жніўні 2004 году не прыпомніцца. Таму я рэкамэндаваў бы Цэнтравыбаркаму правесьці наступныя выбары ў чэрвені 2006 году, калі пройдзе футбольны мундыяль. Якая палітыка, якія акцыі, калі ўжывую паказваюць хакей Канада—Чэхія ці футбол Нямеччына—Аргентына!

2004 год прынёс беларускаму спорту як радасьці, так і расчараваньні. Галоўнай падзеяй стаў залаты мэдаль Юліі Несьцярэнкі на атэнскай стомэтроўцы. Посьпех сусьветнага маштабу, бо ўпершыню з 1980 году прэстыжную дыстанцыю выйграла — выбачаюся за непаліткарэктнасьць — беласкурая жанчына. Дарэчы, здымак пераможнага фінішу жыхаркі Берасьця агенцтва Reuters назвала найлепшым у мінулым годзе.

На Юлію мусяць маліцца і беларускія спартовыя чыноўнікі. Каб не яна, паляцелі б іх галовы за невыкананьне пляну па мэдалях («жніво» склала толькі 60 адсоткаў ад пляну).

Дарэчы, пра пляны. У Інтэрнэце гуляе анэкдот, што міністар спорту і турызму Беларусі сасьніў кашмар: перад ім пастаўленая задача заваяваць на зімовай Алімпіядзе ў Турыне таксама 25 мэдалёў. Для тых, хто не зразумеў: усяго падчас Белай Алімпіяды будзе разыграна 84 камплекты мэдалёў, а ў Солт-Лэйк-Сыты беларусы наагул задаволіліся толькі адной «бронзай».

Алег Раявец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0