Беларускі фінансавы рынак мае сваю спэцыфіку, абумоўленую спэцыфікай беларускай эканомікі. Асноўная частка фінансавых інструмэнтаў Беларускай валютна-фондавай біржы — дзяржаўныя каштоўныя паперы: дзяржаўныя кароткатэрміновыя аблігацыі і акцыі прадпрыемстваў, асноўным інвэстарам (акцыянэрам) у якіх выступае дзяржава. Нізкая ліквіднасьць гэтых каштоўных папер значна ўскладняе іх фундамэнтальны аналіз і робіць амаль немагчымым тэхнічны аналіз.

Тое самае можна сказаць і пра беларускі ўнутраны валютны рынак, які рэгулюецца ў вельмі малой ступені дынамікай біржавых зьдзелак і ў вельмі вялікай — палітыкай Нацбанку. Таму айчынныя фінансавыя рынкі непрывабныя нават для айчыннага інвэстара, ня кажучы пра замежных.

Ва ўсім сьвеце спэкуляцыі на сусьветных фінансавых рынках разглядаюцца як альтэрнатыўнае інвэставаньне. Калі ў бізнэсоўца ўзьнікаюць акалічнасьці, якія перашкаджаюць яму займацца традыцыйным для яго відам прадпрымальніцкай дзейснасьці, ён можа зьвярнуць увагу на рынкі, якія валодаюць абсалютнай ліквіднасьцю, — у першую чаргу «Forex», «Nasdaq», «Amex», «Nyse», ды некаторыя таварныя рынкі, у прыватнасьці золата і нафты.

Ацаніць колькасьць беларускіх інвэстараў, якія гандлююць на гэтых рынках, немагчыма — прадпрымальнікі вымушаныя ўтойваць крыніцу сваіх даходаў як ад дзяржавы, так і нават ад сяброў.

Найбольшую цяжкасьць зь юрыдычнага гледзішча ўяўляе інвэставаньне ў каштоўныя паперы замежных эмітэнтаў — незалежна ці гэта «General Motors», ці РАТ «АЭС Расеі». Прыватныя асобы, паводле беларускага заканадаўства, ня маюць права займацца такой дзейнасьцю безь ліцэнзіі, а атрымаць гэтую ліцэнзію, паводле слоў беларускіх фінансістаў, цяжка нават камэрцыйным банкам.

Больш «пашчасьціла» ўладальнікам міжнародных банкаўскіх картак «Visa» або «American Express», якія карыстаюцца паслугамі буйных замежных брокерскіх кантор. Пажадана, каб гэтая картка была эмітаваная замежным банкам, найпрасьцейшы варыянт — расейскім. Хоць ёсьць альтэрнатыва ў выглядзе набыцьця т.зв. нумарной карткі, у зьвестках якой ня значыцца прозьвішча і каардынаты ўладальніка.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі гаэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0