Жыхарам Беларусі прыходзіцца доўга чакаць на палёгку ў жыцьці. Усе перамены, што былі, дабра беларусам не прынесьлі, і акупацыя за акупацыяй руйнавалі жыцьцё людзям, іхнюю гаспадарку, і кожная акупацыя рабіла чыстку на непажаданы элемэнт. І пад акупацыяй жыць можна, але незаможна. Акупант абкладае падаткамі і ўсё сабе забірае. Беларусь для мяне — гэта востраў, на якім шмат чаго асталося з савецкіх часоў — назвы вуліц, мясьцін, школ, станцыяў. Знаю, што ёсьць, як і ў іншых краёх, навукоўцы, ёсьць людзі працы і кіраўнікі розных устаноў, паэты, філёзафы і супрацоўнікі розных галін навуковых. Таксама ёсьць людзі, што моцна грашаць і менш грашаць: чалавек як жыве, дык, вядома, думкамі грашыць — але за гэта яго не караюць, аж пакуль ён ня выкажа свае думкі на паперы.

Мой бацька расказваў мне, як яму прыходзілася ў жыцьці. Яму было 14 гадоў у першую вайну. Каб дагадзіць акупанту, трэба да яго на ягонай мове гаварыць. Вось з расейцамі гаварыў па-расейску, да акупантаў-немцаў у 14-годзьдзе гаварыў па-нямецку, трохі падвучыўшы іхнюю мову. Пад акупацыяй польскай гаварыў да палякаў на польскай мове. А я сказаў бацьку: я ня буду да акупанта Беларусі гаварыць на ягонай мове. Дык бацька сказаў, што такіх, як я, арыштуюць — і будзеш сядзець у вязьніцы. Я пажыў і пабачыў, што гэта ўсё адбываецца, як бацька казаў. Але ўсё ж, на маю думку, каб маглі сваёй мовай гаварыць з адвагай і павагай ды не баяцца чужынцаў, тады пачалося б нармальнае жыцьцё для беларусаў. А як няма ў Беларусі фундамэнтальных дзяржаўных унівэрсытэтаў і каледжаў ды няма прэзыдэнцкіх прамоў да народу на беларускай мове, дык няма і чым цешыцца.

Мне ў ЗША лягчэй гэтае сказаць і пісаць, але ў Беларусі дык расейская і польская мовы ўжываліся адважна, а беларускую даводзілі да паніжэньня. Ужо прайшло 60 гадоў, як я пакінуў Беларусь, а стаўленьне да беларусаў амаль не зьмянілася.

Сп.А.Ворвуль у «Слоўніку скептыка» зазначыў: «Беларус — славянскі габрэй», а я дадаў бы — або цыган. У Беларусі трактавалі габрэя, цыгана і беларуса як чужынца краіны. Расейцы і палякі былі гарой ды іх мова была ўрадавай, яны былі ўпрывілеяваныя. Гэтыя дрэнныя звычкі пераносяць з пакаленьня ў пакаленьня. Цяпер Беларусь мала знаная, бо мова беларуская не на правох дзяржаўнай. Хачу пажадаць, каб хутчэй нас суседзі пачалі лічыць за народ дзяржаўны.

Канстанцін Верабей, Нью-Ёрк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0