Ствараем сабе ідэалы. Верым у іх шчыра. Адракаемся ад свайго «памылковага» мінулага. Забываем яго, як нешта несапраўднае. Хочам адразу паведаміць пра свае адкрыцьці ўсяму сьвету, але якая недарэчнасьць: амаль нікому вакол не цікава. Але ж гэта так важна, што мы ўсё ж гатовыя змагацца й нават пэўную частку жыцьця пакласьці на гэтую справу. Ды толькі б’еш галавой па мураванай сьцяне, а галава ня камень — пачынае балець. Знаходзяцца й тыя, якія нібыта разумеюць цябе й кажуць словы, якіх чакаў. Але кажуць яны таксама й пра тое, што справа твая марная. Хоць і твая праўда, але ўсе намаганьні твае пустыя, бо нікому нічога ня трэба, акрамя як паесьці, адзецца ды паспаць падаўжэй — і яшчэ, што вельмі істотна, каб ніхто не чапаў. Патроху вакол зьбіраецца нейкае новае кола «сваіх», абраных, пасьвячоных у таямніцу. Цяпер таямніцу. Тое, што раней велікадушна жадаў падараваць усім навокал, як нейкі скарб, раптам ператварылася ў небясьпечнае для агульнага карыстаньня, прызначанае й зразумелае толькі для абраных. Штосьці, што трэба хаваць ад астатніх, каб не запэцкалі бруднымі сваімі… Вось яна, страшная мэтамарфоза. Не ўдалося ўжо ў каторы раз пазьбегнуць яе. Вынаходнікі нацыянальнае годнасьці зноў так і ня здолелі данесьці яе да галоўнага ўладальніка — да народу. Зноў усе тыя, хто застаўся там, за сьпінай, ці, наадварот, забег далёка наперад (залежыць ад таго, зь якога боку глядзець), успрымаюцца як ненармальныя. Толькі хто зь цяперашніх адраджэнцаў у свой час ня крочыў пад піянерскія маршы або, прынамсі, не чытаў з імпэтам савецкія патрыятычныя вершы? Але пра гэта не цікава. Больш цікавяць тыя, хто не паверыў. Альбо тыя, хто ня верыць ужо ні ў што й нікому, — тыя, што зьняверыліся. Якім засталася цяжкая праца, якіх назіраеш штодзень у грамадзкім транспарце, ля крамы і ў краме, паўсюль. Якога так баішся аднойчы разгледзець у люстэрку. Пра тых, хто застаўся там, у краіне Савецкі Саюз.

Што параіце мне рабіць? Бо верыце мне ці не, але я з тых, хто хоча жыць не ў Расеі і не ў Эўропе, бо я ўжо й так жыву ў Эўропе. І я падзяляю азначэньні Эўропы і Эўрапейскага Зьвязу, дзе й Польшча пакуль ці адчувае сябе як дома. Але я хацеў бы жыць у нашай з вамі любай старонцы, Беларусі. Такой утульнай і прыгожай, такой зьнявечанай чужынцамі і пагарджанай роднымі сынамі. Такой, што ніяк ня хочаш пакідаць яе. Камусьці, першаму-лепшаму. Але што ж мне рабіць? Ненавідзець тых іншых, непадобных? Тых, хто думае інакш ці ўжо ніяк ня хоча думаць. Не заўважаць іх? Іх няма. Ды толькі як жа няма — тады й мяне няма таксама, бо ў нейкім сэнсе я частка «тых».

Сёньня мы падзеленыя. Гэта сумны факт сёньняшняй Беларусі. Шукаць вінаватых — марная справа й да таго ж вельмі небясьпечная, бо сярод такіх знойдзеш і самога сябе. Народу незразумелыя высокія ідэі, асабліва калі ніхто не цікавіцца яго праблемамі штодзённымі. Дый які ідэалізм, калі зусім нядаўна цябе надурылі. Не адно пакаленьне пражыло ў зусім іншай краіне і ня толькі ня памятае, але й не разумее новай краіны з новымі ідэямі. Што застаецца? Трэба яшчэ й жыць. І тут зьяўляецца нехта, хто прапаноўвае простае выйсьце, хтосьці рашучы, вельмі агрэсіўны. Хтосьці з надпісам на транспаранце: «Я за вас».

Поўны варыянт артукулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі гаэты "Наша Ніва"

Андрэй Ананьеў, Гомель

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0